У Паўднёвай Карэі дзясяткі тысяч чалавек патрабуюць адстаўкі прэзыдэнта

Прэзыдэнтка Паўднёвай Карэі Пак Кын Хэ.

У Паўднёвай Карэі ў суботу дзесяткі тысяч чалавек выйшлі на дэманстрацыю з патрабаваньнем адстаўкі прэзыдэнткі Пак Кын Хэ праз карупцыйны скандал.

Паводле ацэнак паліцыі, у дэманстрацыі ўдзельнічаюць 43 тысячы чалавек. Арганізатары паведамляюць пра 100 тысяч маніфэстантаў, перадае тэлеканал Euronews.

Рэйтынг прэзыдэнткі Паўднёвай Карэі абрынуўся пасьля паведамленьняў мясцовых СМІ аб ўмяшаньні ў дзяржаўныя справы сяброўкі кіраўніцы дзяржавы Чхвэ Сун Сіль. Паведамляецца, што яна змушала паўднёвакарэйскія карпарацыі ахвяраваць мільёны даляраў падкантрольным ёй фондам. На мінулым тыдні жанчыну арыштавалі і абвінавацілі ў злоўжываньні ўладай.

Прэзыдэнтка Пак Кын Хэ выбачылася за тое, што адбылося і зрабіла перастаноўкі ў кіраўніцтве Паўднёвай Карэі. Яе паўнамоцтвы на пасадзе кіраўніцы дзяржавы заканчваюцца больш чым праз два гады. Экспэрты адзначаюць, што верагоднасьць адстаўкі Пак Кын Хэ невялікая.