Расея можа быць зьвязаная з хакерскай атакай на Цэнтральную выбарчую камісію Баўгарыі падчас правядзеньня рэфэрэндуму і мясцовых выбараў у кастрычніку 2015 году. Пра гэта заявіў баўгарскі прэзыдэнт Росэн Плеўнэліеў.
Паводле яго, дзеяньні Масквы маюць на мэце дэстабілізацыю Эўропы.
Як паведамляе тэлеканал ВВС, Плеўнэліеў падазрае ў кібэратаках хакерскую групоўку Fancy Bear, якую зьвязваюць з узломам сайту Дэмакратычнай партыі ЗША. У нядзелю 6 лістапада ў Баўгарыі пройдуць прэзыдэнцкія выбары.
У пачатку кастрычніка сёлета ўрад Злучаных Штатаў Амэрыкі абвінаваціў Расею ў датычнасьці да хакерскіх нападаў на Дэмакратычную партыю падчас прэзыдэнцкай перадвыбарчай кампаніі. У Вашынгтоне патлумачылі, што ідзецца пра публікацыю на сайтах DCLeaks і WikiLeaks электроннай перапіскі амэрыканскіх палітыкаў. Масква абвінавачваньні адпрэчыла.