Брытанскі Высокі суд: Брэксіт толькі са згоды парлямэнту

У Брытаніі Высокі суд (High Court) пастанавіў, што ўрад ня можа аб’явіць аб увядзеньні ў дзеяньне Артыкулу 50 Лісабонскай дамовы (якая фармальна запускае працэдуру выхаду з Эўразьвязу) без адабрэньня парлямэнту.

Урад настойваў на тым, што мае права прыняць такое рашэньне без кансультацыі з парлямэнтам, грунтуючыся толькі на выніках рэфэрэндуму, які прайшоў 23 чэрвеня сёлета і ў якім амаль 52% брытанцаў прагаласавалі за выхад з ЭЗ.

Шэраг дэпутатаў парлямэнту і актывісты грамадзкіх арганізацый, у сваю чаргу, назвалі падобную пазыцыю ўраду антыканстытуцыйнай і ініцыявалі судовае разьбіральніцтва.

Як чакаецца, урад прэм’ер-міністра Тэрэзы Мэй аспрэчыць гэтае рашэньне Высокага суду ў Вярхоўным судзе (Supreme Court), і далейшыя слуханьні з нагоды апэляцыі пройдуць у пачатку сьнежня.

Раней Тэрэза Мэй абвясьціла аб тым, што мае намер запусьціць працэдуру выхаду краіны з ЕЭЗ не пазьней за сакавік наступнага году.

Перамовы аб умовах выхаду Брытаніі з Эўразьвязу, паводле Брусэлю, будуць працягвацца каля двух гадоў і немагчымыя без фармальнага ўвядзеньня ў дзеяньне Артыкулу 50 Лісабонскай дамовы.