Ужо сёньня, 3 лістапада: Каласавіны, дзень памяці Зьмітрака Бядулі, 55 гадоў зносу помніка Сталіну ў Менску

Якуб Колас у Парыжы, 1935 год.

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск. ХХХ міжнародная навуковая канфэрэнцыя «Каласавіны», прысьвечаная 110-годзьдзю творчай дзейнасьці Якуба Коласа. Месца правядзеньня — Музэй Якуба Коласа. (вул. Акадэмічная, 5)

Менск. У рамках ХХХ міжнароднай навуковай канфэрэнцыі «Каласавіны», прысьвечанай 110-годзьдзю творчай дзейнасьці Якуба Коласа, адбудзецца ўскладаньне кветак да помніка паэту. Месца правядзеньня — пляц Якуба Коласа. Пачатак а 13:30

Менск. БХД падае ў Менгарвыканкам подпісы грамадзян за паляпшэньне якасьці пітной вады. Месца правядзеньня — уваход у Менгарвыканкам (пр. Незалежнасьці, 8.) Пачатак аб 11:00

Менск. Урачыстае адкрыцьцё «Месяца польскай літаратуры». Месца правядзеньня — Кнігарня «Логвінаў» (пр. Незалежнасьці, 37а.) Пачатак а 19:00

Менск. Напярэдадні адкрыцьця ХХІІІ Менскага Міжнароднага кінафэстывалю «Лістапад-2016» у якасьці часткі яго культурнай праграмы адкрыецца выстаўка «Яніс Стрэйч: фільмы, людзі, эпоха», прысьвечаная аднаму з ганаровых гасьцей фэстывалю — клясыку латыскага кіно. Месца правядзеньня — Музэй гісторыі беларускага кіно (вул Сьвярдлова, 4.) Пачатак а 17:00

Менск. Культурны сэзон у Доме карцін. Лекцыя «Сацрэалізм, фармальныя пошукі і экспэрымэнты ў 1960-80-я гады ў мастацтве Беларусі». Месца правядзеньня — Дом карцін (пр. Пераможцаў, 89/3.) Пачатак а 18:30

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1918 — Польшча абвясьціла незалежнасьць ад Расеі.

1928 — Турцыя перайшла з арабскага на лацінскі альфабэт.

1937 — карныя органы расстралялі заходнебеларускіх палітыкаў. Вязьні польскай турмы Максім Бурсевіч і Павал Валошын былі абмяняныя паводле савецка-польскай дамовы пра абмен палітзьняволенымі і такім чынам трапілі ў Савецкі Саюз, дзе былі арыштаваныя ўжо савецкімі органамі і засуджаныя на 10 гадоў катаргі, але не пасьпелі адбыць і часткі тэрміну, як паводле новага прысуду іх расстралялі.

1933 — у Менску была адкрытая трамвайная лінія, якая злучала цэнтар гораду з Кальварыяй. Такім чынам заходняя частка сталіцы атрымала новы імпульс да разьвіцьця.

1961 — у Менску быў дэмантаваны помнік Сталіну на цяперашняй Кастрычніцкай плошчы. Двума днямі раней, паводле рашэньня ХХII з’езду КПСС, у Маскве цела Сталіна было вынесенае з маўзалею.

1970 — Марксіст Сальвадор Альендэ стаў прэзыдэнтам Чылі.

1992 — Біл Клінтан быў абраны прэзыдэнтам ЗША.

2009 — Прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Клаўс падпісаў Лісабонскую дамову аб рэформе Эўразьвязу, пасьля чаго дакумэнт уступіў у сілу.

У гэты дзень нарадзіліся:

1801 — Вінчэнца Бэліні, італьянскі кампазытар

1845 — Зыгмунт Глёгэр, археоляг, этнограф і гісторык

1880 — Канстанцін Пушкарэвіч, філёляг, дасьледнік беларускай літаратуры, гісторык і перакладнік

1882 — Якуб Колас, грамадзкі дзяяч, перакладчык, пэдагог, адзін з заснавальнікаў сучаснае беларускае літаратуры.

1890 — Глеб Бонч-Асмалоўскі, беларускі антраполяг і археоляг

1893 — Францішак Чарняўскі, беларускі рэлігійны дзяяч. З 1957 году жыў у ЗША, дзе выдаваў беларускі рэлігійны часопіс «Siaŭbit».

1914 — Юліюш Бардах, польскі гісторык дзяржавы і права

У гэты дзень памерлі:

1937 — Максім Бурсевіч, дзяяч «Грамады»

1937 — Павал Валошын, дзяяч «Грамады» і КПЗБ, дэпутат Сойму міжваеннай Польскай Рэспублікі

1941 — Зьмітрок Бядуля, беларускі паэт, пісьменьнік і публіцыст

1954 — Анры Матыс, францускі мастак і скульптар

1983 — Антон Мартас, архіяпіскап, гісторык Праваслаўнай царквы

Цытата

«Шчасьце можа быць поўным толькі тады, калі ўсе вакол цябе адчуваюць сябе шчасьлівымі»

Якуб Колас