Улады Швэцыі пацьвердзілі факт сьмерці Раўля Валенбэрга

Раўль Валенбэрг.

Швэдзкія ўлады афіцыйна абвясьцілі пра сьмерць героя Другой сусьветнай вайны Раўля Валенбэрга — праз 70 гадоў пасьля зьнікненьня дыплямата, які выратаваў ад нацыстаў дзясяткі тысяч габрэяў.

Валенбэрг, які працаваў на дыпляматычнай пасадзе ў прадстаўніцтве Швэцыі ў Будапэшце, у ліпені 1944 году дапамог выратавацца дваццаці тысячам вугорскіх габрэяў — ён выпісаў ім спэцыяльныя «ахоўныя пашпарты», якія захавалі ім жыцьці ў апошнія месяцы Галякосту.

У пачатку 1945 году, пасьля ўступленьня савецкай арміі ў Будапэшт, Раўль Валенбэрг быў арыштаваны, перапраўлены ў Маскву і, як мяркуецца, памёр у савецкай турме.

Абставіны сьмерці Валенбэрга застаюцца загадкай, але Швэдзкае падатковае ведамства афіцыйна абвясьціла яго памерлым. Пра гэта 31 кастрычніка напісала швэдзкая газэта Expressen.