У лягеры Кале пасьля зносу застаюцца каля сотні беспрытульных дзяцей

У лягеры для мігрантаў у францускім горадзе Кале пасьля пачатку работ па дэмантажы застаюцца ня менш за 100 беспрытульных дзяцей, нягледзячы на ​​заявы мясцовых уладаў, што лягер ужо пусты. Пра гэта паведамляе тэлеканал ВВС.

Валянцёры стварылі прытулак і заклікалі францускія ўлады расьсяліць дзяцей. На гэтым тыдні з лягера эвакуіравалі больш за 5500 мігрантаў, зь іх — паўтары тысячы непаўналетніх. Працы па зносе нелегальнага лягера пачаліся ў панядзелак і працягваюцца цяпер. Тэрыторыя ачэплена паліцыяй, як паведамляе агенцтва Франс-Прэс.

У імправізаваным лягеры ў горадзе Кале знаходзіліся ня менш за 6 тысяч нелегальных мігрантаў з краін Афрыкі і блізкага Ўсходу. Яны спрабавалі патрапіць у Вялікабрытанію праз тунэль пад Ла-Маншам. У верасьні прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд абвясьціў пра дэмантаж лягера. Мігрантаў разьмяркуюць па розных частках краіны, дзе яны змогуць падаць прашэньне на атрыманьне прытулку.