Кіраўнік «Гулагу.нет» заявіў пра выкраданьне каардынатара праекту

Кіраўнік расейскага праваабарончага праекту «Гулагу.нет» Уладзімір Асечкін

Кіраўнік расейскага праваабарончага праекту «Гулагу.нет» Уладзімір Асечкін просіць расейскае Міністэрства ўнутраных спраў, Сьледчы камітэт і пракуратуру праверыць інфармацыю аб выкраданьні ў Маскве каардынатара праекту Антона Драздова. Асечкін кажа, што праваабаронцу могуць ня толькі катаваць, але і забіць.

У заяве ў праваахоўныя органы Асечкін паведаміў, што ўвечары 18 кастрычніка Драздоў патэлефанаваў яму і расказаў, што знаходзіцца ў нейкай кватэры, дзе яго ўтрымліваюць сілай і ўвялі псыхатропны прэпарат. Пасьля гэтага сувязь перарвалася, і нумар, зь якога патэлефанаваў праваабаронца, перастаў адказваць.

Паводле Асечкіна, раней на адрас Драздова ўжо паступалі пагрозы. Кіраўнік праекту «Гулагу. нет» кажа, што гэта можа быць зьвязана зь нядаўняй паездкай праваабаронцаў у Прымор’е, дзе яны сабралі вялікую колькасьць інфармацыі аб карупцыі ў рэгіянальным упраўленьні Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў.

Праект «Гулагу.нет» займаецца маніторынгам парушэньняў правоў зьняволеных у Расеі і вядзе барацьбу з катаваньнямі, карупцыяй і самавольствам нядобрасумленных супрацоўнікаў праваахоўных органаў.