Мэрам басьнійскай Срэбраніцы стаў этнічны сэрб

Младэн Груйчыч

Мэрам басьнійскага гораду Срэбраніца, дзе 21 год таму былі забітыя некалькі тысяч мусульман, абраны этнічны сэрб.

Цэнтральная выбарчая камісія Босьніі і Герцагавіны пацьвердзіла 17 кастрычніка што 34-гадовы настаўнік хіміі Младэн Груйчыч выйграў выбары мэра гораду, якія прайшлі 2 кастрычніка.

Этнічны серб стане мэрам гораду ўпершыню з 1999 года, паведамляе Бі-бі-сі. Перад вайной у 90-х гадах мінулага стагодзьдзя большасьць насельніцтва Срэбраніцы складалі мусульмане. Цяпер 55 адсоткаў насельніцтва горада сэрбы і 45 — басьнійскія мусульмане. Груйчыч атрымаў перамогу, заручыўшыся падтрымкай 54,4 % прагаласаваўшых.

На абраньне Груйчыча нэгатыўна адрэагавалі сваякі ахвяр масавых забойстваў у Срэбраніцы ў ліпені 1995 году. Тады армія басьнійскіх сэрбаў ўвайшла на тэрыторыю Срэбраніцы, якая мела статус зоны бясьпекі і знаходзілася пад абаронай міратворцаў ААН. Сэрбы забілі каля васьмі тысяч мужчын і хлопчыкаў з мусульманскіх сем’яў.