Паўночная Карэя 15 кастрычніка зьдзейсьніла няўдалы запуск балістычнай ракеты, паведаміла Міністэрства абароны ЗША.
Па інфармацыі Пэнтагона, Паўночная Карэя правяла выпрабаваньне ракеты сярэдняй далёкасьці «Мусудан». У Пхэньяне пакуль не пракамэнтавалі гэтае паведамленьне.
9 верасьня Паўночная Карэя правяла пятае і самае буйное выпрабаваньне ядзернай зброі. Савет Бясьпекі ААН паабяцаў распрацаваць дадатковыя санкцыі ў дачыненьні да Пхэньяна. У жніўні ў Паўночнай Карэі прайшло некалькі выпрабаваньняў балістычных ракет, адна зь якіх выбухнула на старце.