Мэркель падзякавала ўцекачу за затрыманьне тэрарыста

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель выказала падзяку ня толькі службам бясьпекі, але і сырыйскаму ўцекачу, які паведаміў пра месцазнаходжаньне 22-гадовага Джабэра аль-Бакра, падазраванага ў тэрарызьме, паведамляе «Нямецкая хваля» са спасылкай на агенцтва dpa.

З 8 кастрычніка падазраваны хаваўся ад паліцыянтаў і на вакзале ў Ляйпцыгу ўступіў у размову з суайчыньнікам, папрасіўшы яго дазволу пераначаваць. Сырыец пагадзіўся, затым пры дапамозе суседзяў зьвязаў аль-Бакра і здаў паліцыі.

Раней паведамлялася, што ў суботу ў кватэры аль-Бакра ў Хемніцы было знойдзена паўтара кіляграма выбуховага рэчыва — аналягічнага таму, якое выкарыстоўвалася падчас выбухаў у Парыжы і Брусэлі.