Служба бясьпекі Ўкраіны (СБУ) заявіла аб затрыманьні ў горадзе Роўне шпіёна, які нібыта ёсьць супрацоўнікам Галоўнага разьведвальнага ўпраўленьня Міністэрства абароны Расеі.
У СБУ сьцьвярджаюць, што затрыманы, імя якога не называецца, спрабаваў займець дакумэнты з грыфам «сакрэтна» і «цалкам сакрэтна», якія тычацца арміі Ўкраіны. Як узнагароду мужчына прапаноўваў украінскаму афіцэру грошы і расейскае грамадзянства.
Адзначаецца, што затрыманы ёсьць грамадзянінам Украіны, які пастаянна пражываў у Расеі. Яго куратарам нібыта быў супрацоўнік ФСБ Расеі Аляксандар Ілюхін.
Радыё Свабода зьвязалася з Ілюхіным па тэлефонным нумары, які быў пададзены ў матэрыялах СБУ, аднак мужчына абверг сваю датычнасьць да ФСБ, назваўшы апублікаваныя зьвесткі «трызьненьнем», а сябе ён назваў «вайскоўцам у адстаўцы».