Падвысіўшы тарыфы на транзыт нафты, Беларусь хоча ўзмацніць пазыцыі на перамовах з Расеяй пра газ

Тацяна Манёнак

Незалежны экспэрт у нафтагазавай галіне Тацяна Манёнак мяркуе, што праз падвышэньне тарыфаў на транзыт нафты Беларусь спрабуе ўзмацніць свае пазыцыі ў перамовах пра цэны на газ.

«Але справа нават ня ў меншай цане, а ў іншым мэханізьме ўтварэньня цэнаў», — кажа Тацяна Манёнак.

Карэспандэнт: Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі заявіла, што падвышае амаль у паўтара раза тарыфы на транзыт расейскай нафты празь Беларусь. У расейскай кампаніі «Транснефть» ужо заявілі, што гэтым крокам беларускі бок парушае ранейшую дамову аб усталяваньні тарыфаў на транзыт нафты. Як вы лічыце, хто мае рацыю ў чарговым газанафтавым канфлікце паміж Беларусьсю і Расеяй?

Манёнак: «Сапраўды парушылі, бо дзесьці 6 гадоў таму бакі зацьвердзілі мэтодыку, згодна зь якой прадугледжаная магчымасьць зьменаў тарыфаў на транзыт расейскай нафты. Там вызначаны адмысловы графік, паводле якога спачатку беларускі бок павінен аргумэнтаваць свае прапановы, накіраваць іх у „Транснефть“, яны разглядаюць, узгадняюць ці не, або, можа, карэктуюць. І такая мэтодыка ўжо працавала цягам гэтых 6 гадоў.

Цяпер зь беларускага боку абвясьцілі, што тарыфы падвысяць з 11 кастрычніка. Мяркую, гэтак беларускі бок хоча ўзьдзейнічаць на перамовы па газавых коштах. Праз гэтае валявое рашэньне.

Вядома, ні для кога не сакрэт, што Беларусь шукае магчымасьці ўзьдзейнічаць на расейскі бок, каб хутчэй дамагчыся нейкага кампрамісу па газавым пытаньні. Але расейскі бок не ідзе на саступкі, ня хоча карэктаваць формулу вызначэньня кошту газу для Беларусі. І вось цяпер зь беларускага боку абвясьцілі, што тарыфы падвысяць з 11 кастрычніка. Але, мяркую, гэтак беларускі бок хоча ўзьдзейнічаць на перамовы па газавых коштах. Праз гэтае валявое рашэньне».

Карэспандэнт: Як мяркуеце, ці спрацуе такі рычаг? Дасягне Беларусь сваёй мэты, якая, відавочна, палягае ў тым, каб зьнізіць кошт газу з Расеі?

Манёнак: «Відавочна, што рычагоў узьдзеяньня ў Расеі ўсё ж больш. Але пытаньне ў тым, ці захоча Крэмль палітызаваць гэтую справу, даводзіць яе да вялікага рэзанансу? Трэба ўсьведамляць, што і для Расеі сытуацыя ў нафтагазавай галіне даволі складаная. Значна зьнізіліся прыбыткі ад продажу нафты, ад паставак газу таксама. І, канечне, расейскі бок не хацеў бы пераглядаць умовы паставак газу ў Беларусь.

Але я бачу ня толькі эканамічны падтэкст гэтага канфлікту. Пэўна, ёсьць і палітычная незадаволенасьць пацяпленьнем у адносінах Беларусі з Эўразьвязам і гэтак далей — відавочна, тут цэлы комплекс пытаньняў. Таму складана сказаць, як будзе дзейнічаць у гэтых умовах расейскі ўрад і Крэмль.

Я бачу ня толькі эканамічны падтэкст гэтага канфлікту. Пэўна, ёсьць і палітычная незадаволенасьць пацяпленьнем у адносінах Беларусі з Эўразьвязам і гэтак далей.

Відавочна, што канфлікт ужо ўзьняўся на ўзровень прэзыдэнтаў, і цяпер ім вырашаць. Але пакуль мы бачым, што профільныя ўстановы Расейскай Фэдэрацыі ня хочуць ісьці на саступкі, і таму беларускі бок імкнецца задзейнічаць той арсэнал, які яшчэ ёсьць у Беларусі, каб нейкім чынам паўплываць на Расею».

Карэспандэнт: Ці можа Расея праігнараваць беларускі «ўльтыматум»? Ці ёсьць у яе транзытныя рэзэрвы?

Манёнак: «Канечне, расейскі транзыт праз гомельскую „Дружбу“ больш як 50 мільёнаў тон нафты хутка замяніць Расея нічым ня можа. Пэўныя рэзэрвы ў яе ёсьць, я маю на ўвазе прапампоўваньне нафты празь іншыя трубаправоды. Можна 10, ну 15 мільёнаў тон перанакіраваць кудысьці, але не 40–50 мільёнаў. Тым больш што ў расейскіх нафтавых кампаніяў ёсьць доўгатэрміновыя дамовы з эўрапейскімі кампаніямі. Таму гэта істотны рычаг, пра які заявіў беларускі бок».

Карэспандэнт: Гэта ўсе беларускія рычагі? А падняць кошты на транзыт газу Беларусь ня ў стане?

Манёнак: «Вось гэта з нашага боку немагчыма, бо газатранспартная сыстэма ўжо не належыць Беларусі, яна належыць „дачцэ“ „Газпрома“ — кампаніі „Газпром трансгаз Беларусь“. Але ёсьць іншыя захады. Можна казаць, прыкладам, пра мыта, якое плаціць гэтая „дачка“. Або вось Лукашэнка нядаўна сказаў, што трэба перагледзець умовы транзыту і падаткаў на тавары, якія ідуць празь Беларусь у Расею. Яшчэ Беларусь выконвае ролю бар’ера на шляху тых жа санкцыйных тавараў, і, магчыма, Лукашэнка зьбіраецца неяк манэтызаваць тыя паслугі.

Беларусь спрабуе націснуць менавіта на нафтавы рычаг. Дасьць гэта вынік ці не, паглядзім.

Але пакуль што, як я разумею, Беларусь спрабуе націснуць менавіта на нафтавы рычаг. Дасьць гэта вынік ці не, паглядзім, прадказаць цяжка. Хоць бакі ўжо выказвалі ўпэўненасьць, што дамовяцца, што кампраміс будзе знойдзены. Нагадаю, гэтак казаў віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка, у тым ліку для Радыё Свабода.

Вядома, хацелася б большага кампрамісу. Бо калі будзе выпрацавана гэтая формула аб прызначэньні цэнаў на газ, дык гэта будзе добрым падмуркам на будучыню, бо з 1 ліпеня 2019 году павінен запрацаваць адзіны энэргетычны рынак. Для Беларусі, у якой больш за 80% электрычнай энэргіі выпрацоўваецца на расейскім газе, вельмі важна ўжо цяпер закласьці ўмовы і цэны на расейскі газ. „Газпром“ ужо пайшоў на саступкі эўрапейскім кампаніям і Армэніі, там зьніжкі былі істотныя, таму пэўныя рацыі мае і беларускі бок, які імкнецца настаяць на ўласнай пазыцыі, каб зьмяніць саму формулу вызначэньня цаны на газ».

Карэспандэнт: Крыніцы паведамляюць, што Беларусь дамагаецца цаны 73 даляры за тысячу кубамэтраў газу. А па якой цане Беларусь купляе ў Расеі газ цяпер?

Манёнак: «Прыкладна 133–137. Цэны крыху вагаюцца ў залежнасьці ад кварталу, бо вагаецца кошт нафтапрадуктаў, а цана газу прывязаная да іхніх коштаў».

Карэспандэнт: Значыць, Беларусь настойвае на тым, каб цэны на газ для яе зьнізілі амаль удвая. Хіба гэта рэальна?

Манёнак: «Вядома, ня думаю, што Беларусь сапраўды будзе настойваць на цане менавіта ў 73 даляры. Яна хоча перагледзець найперш саму формулу, каб яна была прывязаная да цэнаў на эўрапейскі газ. А на яго цана можа зьніжацца, як адбылося для краін Эўразьвязу. Вось цяпер для кампаніяў Нямеччыны цэны ў 148–160 даляраў. Вядома, гэта залежыць і ад таго, якія аб’ёмы газу спажывае краіна, але ўсё ж... Мы ж ведаем, што праз тэрыторыю Беларусі даволі танна выходзіць „Газпрому“ прапампаваць газ, бо тут у яго ўласная транспартная сыстэма. І лягічна запытаць: чаму беларускім спажыўцам газ павінен прадавацца амаль як нямецкім?»

Карэспандэнт: І на якіх цэнах, як мяркуеце, бакі спыняцца?

У любым выпадку гэта будуць нейкія рысы будучага агульнага газавага рынку, які заплянаваны на 2025 год.

Манёнак: «Цяжка назваць лічбу, таму што будзе вырашацца цэлы комплекс пытаньняў, і цэны будуць шмат ад чаго залежаць. Прыкладам, магчыма, асобна будзе вырашацца цана паставак на нашы электрастанцыі, магчыма, для іх будзе іншая цана. Беларускі бок ужо жорстка заявіў, што немагчыма стварыць адзіны энэргетычны рынак, калі мы маем зусім розныя цэны на газ. Для іншых беларускіх спажыўцоў, магчыма, цэны будуць трошкі іншыя. У любым выпадку гэта будуць нейкія рысы будучага агульнага газавага рынку, які заплянаваны на 2025 год».

Карэспандэнт: А што будзе зь беларускай завінавачанасьцю за ўжо пастаўлены газ, па суме якой таксама ідуць спрэчкі? Гэтая завінавачанасьць будзе фактарам перамоваў пра цэны на газ?

Манёнак: «Так, гэта сур’ёзны фактар. Тая завінавачанасьць дасягнула ўжо 300 мільёнаў даляраў, яе трэба ці пралянгаваць, ці нешта зь ёй зрабіць. Пакуль мы гэтую завінавачанасьць не прызнаём, але мы ж самі перайшлі на іншыя разьліковыя цэны, што было парушэньнем былых дамоваў. Гэта давядзецца прызнаваць, але і расейскаму боку давядзецца знаходзіць нейкі іншы падыход, каб у выніку вырашыць гэты канфлікт, а не ствараць напружаную сытуацыю. Бо ўсё ж гэта не ўпрыгожвае Эўразійскі эканамічны саюз, які быў створаны Расеяй, Беларусьсю і Казахстанам. Бо калі саюзьнікі гэтак сварацца, гэта нядобры прыклад, дый дрэнна для іміджу гэтага інтэграцыйнага праекту. Бачна, як там бакі жорстка адстойваюць свае інтарэсы».

У Міністэрстве антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю карэспандэнту Радыё Свабода сказалі, што наконт выказваньняў дарадцы прэзыдэнта «Транснафты» пра парушэньні зь беларускага боку камэнтароў пакуль ня будзе. «Ідуць кансультацыі», — сказала прэсавы сакратар міністэрства Аліна Гілевіч.