Крымскія татары ладзяць акцыю ў гадавіну блякады Крыму

Акцыя каля КПП «Чангар», На пярэднім пляне — дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны, старшыня Мэджлісу крымска-татарскага народу Рэфат Чубараў

У Херсонскай вобласьці Украіны, паблізу адміністрацыйнай мяжы з анэксаваным Расеяй Крымам, праходзіць акцыя крымскіх татараў, прысьвечаная першай гадавіне грамадзянскай блякады паўвострава.

Як паведамляе зь месца падзей тэлеканал «112 Украіна», каля 500 чалавек, якія падтрымалі блякаду, удзельнічалі ў аўтапрабегу зь мястэчка Кахоўка да памежнага КПП «Чангар». Потым пачалося шэсьце з украінскімі і крымска-татарскімі сьцягамі. Прысутнічаюць дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны, старшыня Мэджлісу крымска-татарскага народу Рэфат Чубараў і іншыя лідэры крымскіх татараў.

20 верасьня 2015 году з ініцыятывы крымска-татарскіх лідэраў пачалася бестэрміновая блякада грузавога транспарту, які накіроўваўся ў Крым з прадуктамі і таварамі. Пасьля пачалася таксама энэргетычная блякада, у выніку якой Украіна спыніла пастаўкі электраэнэргіі на паўвостраў. 31 сьнежня 2015 году было абвешчана аб завяршэньні грамадзянскай блякады.