Джыхадысты апублікавалі відэа з «захопленым афіцэрам ФСБ»

Экстрэмісцкая групоўка «Ісламская дзяржава» апублікавала відэа зь нібыта захопленым афіцэрам ФСБ, які прадстаўляецца як расейскі афіцэр.

Па дадзеных выданьня SITE Intelligence Group, прысьвечанага маніторынгу дзейнасьці экстрэмісцкіх арганізацый, чалавек на відэа сьцьвярджае, што яго завуць Яўген Пятрэнка.

Ён зьвяртаецца да Ўладзіміра Пуціна і расейскага народу і распавядае, што пры выкананьні заданьня быў арыштаваны «службай бясьпекі халіфата».

«Яўген Пятрэнка» паведамляе, што прапісаны ў Маскоўскай вобласьці і зьяўляецца пазаштатным супрацоўнікам 2-га апэратыўнага аддзела ФСБ Расеі па Маскве, яго воінскае званьне капітан. Ён просіць дапамагчы яму вызваліцца з палону. Аднак, падрабязнасьці пра месца і час затрыманьня не паведамляюцца.