Сярод сяброў беларускія дэлегацыі — Алесь Бяляцкі, Уладзімер Лабковіч, Андрэй Палуда, Вольга Смалянка ды іншыя.
Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі адзначыў у інтэрвію Свабодзе, што ўнікальнасьць канфэрэнцыі АБСЭ ў тым, што там за круглым сталом зьбіраюцца як афіцыйныя дзяржаўныя дэлегацыі, так і прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў.
«Там ёсьць магчымасьць выступаць са сваімі дакладамі, заўвагамі, удзельнічаць у спэцыяльных сустрэчах па асобных пытаньнях. У шэрагу такіх мерапрыемстваў традыцыйна бяруць удзел беларускія праваабаронцы.
Мы ставім там на парадак дня шэраг пытаньняў, якія датычацца парушэньня правоў чалавека і дэмакратычных свабодаў у Беларусі. У прыватнасьці, мы будзем гаварыць пра парушэньне ў галіне сходаў і асацыяцыяў. Гэта тычыцца палітыкі дзяржавы на ўдушэньне трэцяга сэктару, калі незалежныя дэмакратычныя арганізацыі не рэгіструюцца і ставяцца па-за законам, калі прысутнічае артыкул 193.1 — крымінальная адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Усё гэта парушае міжнародныя абавязальніцтвы Беларусі, у тым ліку ў рамках АБСЭ. Мы таксама будзем распавядаць пра вынікі апошніх парлямэнцкіх выбараў, гаварыць пра сьмяротнае пакараньне, перасьлед праваабаронцаў і г.д», — кажа Бяляцкі.
Бяляцкі адзначае, што ўдзел беларускіх праваабаронцаў у канфэрэнцыі АБСЭ дае магчымасьць паставіць усе гэтыя пытаньні ня толькі перад міжнароднай супольнасьцю, але таксама і перад беларускімі ўладамі:
«Беларускія дыпляматы таксама прысутнічаюць на гэтых сустрэчах, і мы спадзяемся, што яны таксама перадаюць нашыя звароты і заклікі ў МЗС. Можа такім чынам, хаця б ускосна, мы хацелі б паўплываць на сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі».