Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ў Нью-Ёрку правёў сустрэчу з кандыдатам на пасаду прэзыдэнта ЗША ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан. Пра гэта ўначы 20 верасьня ў сетцы мікраблогаў Twitter паведаміў прадстаўнік кіраўніка ўкраінскай дзяржавы Сьвятаслаў Цаголка.
Згодна з паведамленьнем «Інтэрфакс-Украіна», Парашэнка падзякаваў Клінтан за падтрымку ўкраінскай дзяржавы ў складаны пэрыяд яе гісторыі.
«Я ўдзячны вам за дакладную пазыцыю па падтрымцы ўкраінскага сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці і незалежнасьці, а таксама за падтрымку пры правядзеньні рэформаў, якія ажыцьцяўляюцца ў апошнія два гады», — сказаў Парашэнка.
Клінтан адзначыла, што ёй цікава пачуць, якія рэформы ажыцьцяўляюцца ва Ўкраіне.
«Гэта добрая магчымасьць абмеркаваць прагрэс Украіны і зьмены, якія ажыцьцяўляюцца ва ўмовах расейскай агрэсіі», — сказала Клінтан.
Пятро Парашэнка знаходзіцца зь візытам у ЗША для ўдзелу ў рабоце сэсіі Генэральнай асамблеі ААН і сустрэч з кіраўнікамі дзяржаваў і вядучымі палітыкамі сьвету. Выступ прэзыдэнта на дэбатах у ААН адбудзецца 21 верасьня.