Статкевіч і Някляеў заклікаюць на «акцыю пратэсту супраць дыктатуры»

Беларускі нацыянальны кангрэс. Уладзімер Някляеў, Вячаслаў Сіўчык, Мікалай Статкевіч, Станіслаў Шушкевіч, Генадзь Фядыніч

Рада Беларускага нацыянальнага кангрэсу заклікае на акцыю пратэсту 24 лістапада, у 20-ю гадавіну рэфэрэндуму 1996 году.

Пра гэта гаворыцца ў заяве, выдадзенай 19 верасьня 2016 году. Заяўнікі кажуць, што акцыя будзе прымеркаваная да 20-й гадавіны антыканстытуцыйнага перавароту.

«Так званыя „выбары“ не адпавядаюць міжнародным стандартам і ня могуць быць прызнаныя. Крымінальнае прызначэньне „дэпутатаў“ разам зь дзьвюма прадстаўніцамі „ад апазыцыі“ нічога не зьмяняе ў сутнасьці і дзеяньнях улады. Беларусь застаецца аўтарытарна кіраванай тэрыторыяй пад расейскім кантролем. У краіне па-ранейшаму няма легітымнай заканадаўчай улады, якая магла б абараніць правы і інтарэсы людзей», — гаворыцца ў заяве.

Заяўнікі кажуць, што акцыя пратэсту 24 лістапада павінна стаць пачаткам кампаніі «За новыя выбары, за новую ўладу!», далучыцца да якой яны заклікаюць дэмакратычныя, палітычныя і грамадзкія сілы Беларусі.

«Толькі свабодныя, справядлівыя выбары могуць стаць шляхам да выйсьця з крызісу, да паляпшэньня жыцьця беларусаў. Не чакаць і не выпрошваць свабодных выбараў — прымусіць рэжым да іх».

У склад рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу ўваходзяць: ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі («Грамада») — Станіслаў Шушкевіч, ад аргкамітэту па стварэньні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі («Народная Грамада») — Мікалай Статкевіч, ад незалежнага прафсаюзу РЭП — Генадзь Фядыніч, ад кампаніі «Эўрапейская Беларусь» — Максім Вінярскі, ад зарэгістраванага ў Чэхіі аб’яднаньня «Малады фронт» — Зьміцер Дашкевіч, ад руху салідарнасьці «Разам» — Алесь Макаеў, ад аргкамітэту партыі «Беларускі рух» — Вацлаў Арэшка, ад руху «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі» — Уладзімер Някляеў, а таксама некалькі прадстаўнікоў рэгіянальных дэмакратычных кааліцыяў.