Новым прэм’ерам Армэніі стане «чалавек Газпрому»

Карэн Карапэт'ян

Прэм’ер-міністар Армэніі Гавік Абрагам'ян вырашыў падаць у адстаўку. Такім чынам ён мяркуе даць штуршок для стварэньня новага ўраду пасьля палітычнага крызісу ў краіне. Армянскія палітыкі практычна не сумняваліся, хто стане наступным кіраўніком ураду: усе лічаць, што гэта будзе Карэн Карапэт'ян, які апошнія пяць гадоў быў адной з галоўных службовых асобаў расейскага «Газпрому».

І сапраўды, прэзыдэнт Сэрж Саргсян ужо прапанаваў Карэна Карапэт'яна на пасаду новага прэм’ера. Саргсян заявіў, што Карэн Карапэт'ян на пасадзе прэм’ера стане сымбалем зьменаў.

Карэн Карапэт'ян за апошнія паўтара дзесяцігодзьдзя зь невялікім перапынкам працуе ў розных структурах расейскага «Газпрому». У 2001-2010 гадах ён узначальваў армянскую «дачку» «Газпрому» — тагачасны «АрмРосгазпром». А з 2012 году перабраўся проста ў Маскву — там ён стаў віцэ-прэзыдэнтам «Газпромбанку», а потым намесьнікам генэральнага дырэктара адразу дзьвюх газпромаўскіх структураў: «Газпром Межрэгіёнгаз» і «Газпром Энэргахолдынг».

У Армэніі выказваюць асьцярогі, што «чалавек Газпрому» можа яшчэ больш узмацніць кантроль расейскага газавага манапаліста над энэргетыкай Армэніі.