«Якасьць інтэграцыі Грузіі ў альянс расьце з кожным годам. Сёньня мы маем амаль усе інструмэнты, якія падрыхтуюць нашу краіну да сяброўства. Гэтыя інструмэнты максымальна выкарыстоўваюцца для ўмацаваньня абараназдольнасьці краіны», — падкрэсьліў прэзыдэнт Гіоргі Маргвэлашвілі.
Генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг дадаў, што фундамэнтальныя рэформы «найбольш важныя для самой Грузіі, але яны таксама дапамагаюць падрыхтаваць Грузію да ўступу ў НАТО».
Грузія заяўляе, што імкнецца ўступіць у НАТО, гэтаксама як і ў Эўразьвяз. Там яшчэ да вайны Расеі супраць Грузіі правялі ў пачатку 2008 году рэфэрэндум, на якім 77 адсоткаў удзельнікаў выказаліся за ўваход краіны ў Паўночнаатлянтычны альянс. І пасьля зьмены ўлады ў 2012 годзе Грузія нязьменна ідзе курсам эўраатлянтычнай інтэграцыі.