На зямельных выбарах у Нямеччыне антыімігранцкая партыя абышла партыю Мэркель

У зямлі Мэкленбург-Пярэдняя Памэранія на паўночным усходзе Нямеччыны, дзе ў нядзелю праходзяць мясцовыя выбары, апытаньні выбарнікаў на выхадзе з участкаў паказваюць, што антыімігранцкая партыя «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD) апярэдзіла партыю Ангелы Мэркель ХДС, адсунуўшы яе на трэцяе месца.

Створаная тры гады таму AfD атрымала 21% галасоў, апынуўшыся на другім месцы пасля самай буйной у мясцовым зямельным сходзе левацэнтрысцкай Сацыял-дэмакратычнай партыі якая атрымала 30,5% галасоў.

Хрысціянска-дэмакратычнаму саюзу Мэркель дасталіся 19% галасоў.

Аглядальнікі ацэньваюць гэтыя выбары ў мясцовы заканадаўчы сход як вырашальную праверку перад правядзеньнем у 2017 годзе ўсеагульных выбараў.

Раней усе вядучыя палітычныя партыі Нямеччыны заяўлялі пра тое, што ня будуць фармаваць кааліцыю з партыяй AfD.

Аднак сур’ёзная электаральная падтрымка, якую атрымала AfD у Мэкленбургу-Пярэдняй Памэраніі, можа зьмяніць карціну і аслабіць пазыцыі цяперашняй канцлеркі, якая апынулася пад агнём крытыкі за сваю палітыку адчыненых дзьвярэй у дачыненні да мільёнаў уцекачоў.

Партыя AfD, якая першапачаткова выступала супраць адзінай Эўропы, прыцягнула да сябе электарат, расчараваны тым, як улады Нямеччыны спраўляюцца зь міграцыйным крызісам.