Мінабароны Францыі абвясьціла вайну «Пакемонам»

Кіраўнік Дырэкцыі абароны аб’ектаў Мінабароны Францыі загадаў прыняць захады бясьпекі для таго, «каб супрацьстаяць рызыцы», якую нясе кампутарная гульня Pokemon Go. Дакумэнт апублікавала ў сераду, 31 жніўня, француская газэта Le Canard enchaîné.

Газэта дае копію ўнутранага цыркуляра № 211 за подпісам контар-адмірала Фрэдэрыка Рэнадо, які ўзначальвае Дырэкцыю абароны вайсковых аб’ектаў (DPID). Дакумэнт гэтага падразьдзяленьня контарвыведкі Мінабароны завецца: «Інструкцыі для процідзеяньня рызыцы, абумоўленай кампутарнай гульнёй Pokemon Go»

У дакумэнце контар-адмірал перш за ўсё паведаміў, што «на сёньняшні дзень у некалькіх будынках Мінабароны, у тым ліку ў зонах падвышанай сакрэтнасьці, хаваюцца гэтыя віртуальныя аб’екты». У сувязі з гэтым «рызыкі незаконнага пранікненьня або натоўпу людзей у непасрэднай блізкасьці / да будынкаў / зьяўляюцца рэальнымі», паведамляе кіраўнік DPID.

Контар-адмірал удакладняе, што пад выглядам гульцоў у Pokemon Go да будынкаў Мінабароны могуць наблізіцца зламысьнікі, каб зрабіць фатаграфіі сакрэтных аб’ектаў. Акрамя таго, набліжэньне гульцоў можа пагражаць «індывідуальнай і калектыўнай бясьпецы супрацоўнікаў Мінабароны».

Контар-адмірал, прапаноўвае, у прыватнасьці, «забараніць выкарыстаньне дадатку» на ваенных аб’ектах і побач зь імі і «апавяшчаць службы бясьпекі ў выпадку зьяўленьня там натоўпу людзей». «Пра кожнае зьяўленьне віртуальных стварэньняў і аб’ектаў унутры будынкаў Мінабароны» варта паведамляць у Дырэкцыю абароны вайсковых аб’ектаў, загадвае контар-адмірал.

У Беларусі, як і амаль па ўсім сьвеце, людзі гуляюць у новую гульню з элемэнтамі дапоўненай рэальнасьці Pokemon GO. Калі ўявіць, што выкарыстаньне камэры тэлефона падчас гульні ў «пакемонаў» прыраўняюць да фатаграфаваньня, то можна атрымаць наступны сьпіс аб’ектаў, дзе нельга лавіць пакемонаў (забарона зафіксаваная ў законах і пастановах):

У месцах, куды доступ звычайным грамадзянам абмежаваны альбо забаронены з прычын аховы дзяржаўнай таямніцы.

На вайсковых і рэжымных аб’ектах.

На борце самалёта і на фоне самалётаў у аэрапорце.

У час праходжаньня памежнага кантролю.

У судах падчас працэсу без дазволу суду.

У папраўчых установах без дазволу адміністрацыі.

У бібліятэках і музэях без дазволу адміністрацыі.

У казыно і залях гульнявых аўтаматаў без дазволаў ад арганізатараў і ўдзельнікаў гульняў.

У мэтро, на магістральных трубаправодах і іншых рэжымных абʼектах.

У амбасадах.