Як паміраюць постсавецкія дыктатары: тры месяцы ў моргу, месяц жалобы

Помнік Туркмэнбашы ў Ашхабадзе

У постсавецкіх краінах, дзе паміралі шматгадовыя аўтарытарныя кіраўнікі, не было прынята сьпяшацца з афіцыйным паведамленьнем аб сьмерці.

У панядзелак увечары інфармацыйнае агенцтва «Фергана» паведаміла пра сьмерць першага прэзыдэнта Ўзбэкістану Іслама Карымава. Афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі пакуль не было. Дачка ўзбэцкага кіраўніка Лола распавяла ўчора, што раніцай яе бацька перанёс кровазьліцьцё ў мозг. Пра верагодную сьмерць 78-гадовага аўтарытырнага кіраўніка Ўзбэкістану паведамілі шэраг сусьветных СМІ, у гэтым перакананыя і многія экспэрты, якія займаюцца Цэнтральнай Азіяй.

Дырэктар інфармацыйнага агенцтва «Фергана» Данііл Кіслоў заклікаў кіраўніцтва краіны прадэманстраваць доказы таго, што Іслам Карымаў жывы. Да гэтага часу ўлады не адказалі на ягоны заклік. На думку экспэртаў, зацягваньне часу з абвяшчэньнем сьмерці зьвязанае з выбарам наступніка Карымава сярод кіроўнага лягеру. Тым больш, што гэта ўжо ня першы падобны выпадак у рэгіёне.

21 сьнежня 2006 году кіраўніцтва Туркмэністану абвясьціла пра сьмерць Сапармурата Ніязава. Паводле афіцыйнага паведамленьня, Туркмэнбашы памёр а 1.00 гадзіне ўначы ў ашхабадзкай клініцы ад сардэчнай недастатковасьці. Па цэнтральных тэлеканалах, дзе Ніязаў традыцыйна быў галоўным героем перадачаў і выпускаў навін, яго не паказвалі з 15 сьнежня. Сьмерць Туркмэнбашы стала тэмай табу ў краіне. Размаўляць пра дату і прычыны сьмерці забаранялася. Ніязава пахавалі на трэці дзень пасьля сьмерці, і цягам месяца ў Туркмэністане трывала жалоба. Прэзыдэнцкія выбары ў краіне адбыліся ў лютым наступнага году. Другім прэзыдэнтам Туркмэністану стаў Гурбангулы Бэрдымухамэдаў, за якога раілі галасаваць на прадпрыемствах, ВНУ і іншых установах краіны.

Куды больш таямнічай была гісторыя са сьмерцю азэрбайджанскага прэзыдэнта Гейдара Аліева. Паводле афіцыйных паведамленьняў, 8 ліпеня яго шпіталізавалі ў турэцкую клініку Гюльханэ. Праз месяц, 6 жніўня, улады заявілі, што хворага прэзыдэнта перавезьлі ў шпіталь у амэрыканскім горадзе Кліўлэнд. Да паловы восені пра стан здароўя кіраўніка Азэрбайджану не паведамлялася. Пра Аліева ўзгадалі за некалькі дзён да прэзыдэнцкіх выбараў, якія меліся адбыцца 15 кастрычніка і ў якіх разам з Гейдарам прымаў удзел яго сын Ільхам. Напярэдадні галасаваньня ў СМІ агучылі заяву прэзыдэнта, згодна зь якой ён здымае сваю кандыдатуру на карысьць сына. І толькі 12 сьнежня ўлады абвясьцілі, што Аліеў памёр у амэрыканскай клініцы.

Азэрбайджанская апазыцыя перакананая, што Гейдар Аліеў трапіў у Кліўлэнд ужо мёртвым і наступныя тры месяцы праляжаў у тамтэйшым моргу. Пра гэта яшчэ ў жніўні паведамілі інтэрнэт-рэсурсы былога віцэ-сьпікера парлямэнту Азэрбайджану Русуна Гуліева, які пражывае ў ЗША. На думку экспэртаў, таямніца аб сьмерці Аліева дапамагла ягонаму сыну правесьці камфортна для сябе прэзыдэнцкія выбары ў краіне.