«Сядзець за праўду ня страшна». Інтэрвію з жонкай Джона Сільвэра

Жонка Эдуарда Пальчыса Вікторыя на судзе па справе аб прызнаньні экстрэмісцкай «інфармацыйнай прадукцыі на сайце 1863x.com»). Менск, 25 жніўня 2016 году

Эдуард Пальчыс, заснавальнік і аўтар сайту 1863x.com, знаходзіцца за кратамі сем месяцаў. Увесь гэты час жонка Вікторыя камунікуе з Эдуардам выключна праз пошту і адвакатку Ганну Бахціну. Як Пальчыс пачувае сябе ў камэры і на які прысуд спадзяецца, Вікторыя распавяла ў інтэрвію Свабодзе.

— Дзе і калі вы бачыліся апошні раз з Эдуардам?

— Апошні раз мы зь ім бачыліся ва Ўкраіне, перад ягоным ад’ездам у Расею. Яго затрымалі 23 студзеня. І ён ужо адседзеў 7 месяцаў. Нават трошкі больш. Спачатку ён знаходзіўся ў СІЗА Бранску. Адтуль быў доўгі этап. Спачатку яго адвезьлі ў Смаленск, потым у Віцебск, потым ужо ў Менск. А пасьля пікетаў перавялі ў Жодзіна.

— Думаеце, ягоны перавод зьвязаны зь пікетамі ў падтрымку?

— Я мяркую, што зьвязана. Бо гэта супадае па датах. 9 чэрвеня Павал Севярынец з Вольгай Мікалайчык праводзілі пікет каля СІЗА. А Эдуард потым сказаў, што ў тую ж ноч яго адвезьлі ў Жодзіна.

— Як падтрымліваеце сувязь з Эдуардам?

— Я пішу яму раз ці два на тыдзень. Але атрымлівае ён мае лісты толькі празь 7-10 дзён. Хаця ягоныя сукамэрнікі, кажа, маюць лісты праз 2-3 дні. Ягоныя так доўга затрымліваюцца, бо, відаць, праходзяць праз цэнзуру. Хаця я ня ведаю, каб нейкі ліст да яго не дайшоў.

Ён піша пра свае ўмовы, пра тое, як рухаецца справа.

Эдуард Пальчыс, архіўнае фота

Калі адвакатка да яго ходзіць, я прашу, каб яна распавядала пра навіны, зьвязаныя зь ім, пра ягоную падтрымку. Каб пераказвала, што пра яго тут памятаюць.

Таксама ён дагэтуль атрымлівае лісты і паштоўкі. Перад судом па крымінальнай справе яго перавядуць у Валадарку. Тады ён зможа перадаць свае рэчы. Кажа, што хоча аддаць мне цэлую торбу паштовак і лістоў, якія ў яго там назапасіліся.

— І які настрой у яго?

— Някепскі. Ён разумее, за што сядзіць. Кажа: «Я ж нікога не забіў, мяне трымаюць за кратамі па іншых матывах».

Таксама кажа, што сядзець за праўду ня так страшна, калі ў цябе ёсьць падтрымка на свабодзе, калі чакаюць жонка і сябры.

— Ёсьць у яго нейкія чаканьні наконт рашэньня суду?

— Ілюзіяў, што яго апраўдаюць, Эдуард ня мае. Кажа, што рыхтуецца да найгоршага. Што гэта будзе пазбаўленьне волі.

— А вы на што настройваецеся?

— Я моцна занятая ўсімі гэтымі справамі. Усё каардыную, заключаю дамовы з адвакатам, празь яго трымаю сувязь з Эдуардам. Можна сказаць, што гэта цяпер самая важная мая дзейнасьць.

Я ўсё ж такі маю надзею. Ня думаю, што суд яго апраўдае, але спадзяюся, што будзе ўлічаны той тэрмін, што ён ужо адседзеў. Спадзяюся, што з залі суда муж пойдзе дамоў, а не ў калёнію.