Ігар Варашкевіч: Я не шкадую ні пра што

Першы выезд за мяжу. Першыя «Басовішчы» былі найлепшыя. Складаны час для мастакоў. Забароны нібыта няма. Гімн берасьцейскага «Дынама». Унучка Аляксандра. Шум чароту і песьні жабак. Улюбёныя песьні і выканаўцы. Уплыў Марка Нопфлера.

Размова зь Ігарам Варашкевічам, вакалістам і аўтарам песьняў, які пачынаў свой шлях рок-музыканта ў гурце «Бонда», а ад 25-ці гадоў зьяўляецца лідэрам гурту «Крама».


Максімюк: ...Азіраючыся на свой шлях музыканта, што сёньня скажаш? Варта было граць і сьпяваць, ці ўсё ж лепей было заснаваць сваю фірму і гандляваць нечым?..

Варашкевіч: ...Гандляр зь мяне дрэнны, гэта я зразумеў у пачатку 1990-х, калі палякі цягалі сюды нейкія рэчы, а мы — туды. У мяне гэта не атрымлівалася... Які камэрсант? Я ж мастак, і павінен займацца мастацтвам... Я люблю сядзець з гітарай і пісаць песьні. Я гэта і раблю. Галоўнае, каб ня страціць натхненьня. А яно яшчэ ёсьць і, спадзяюся, да канца жыцьця будзе...



Максімюк: ...Усё яшчэ выступаеш у Беларусі?..

Варашкевіч: ...Тут складаная сытуацыя... Калі мне сказалі, што забарона на выступы будзе зьнятая, я сказаў: Ну добра, мне ўсё роўна, ёсьць забарона ці не. А вось напрыклад Вольскі і Вайцюшкевіч не згадзіліся. Ну, Вольскі дакладна не згадзіўся. І ў яго значна больш працы, нягледзячы на тое, што ён ня мае магчымасьці выступаць тут. Ён выступае за мяжой. А так як мы не забароненыя, мы за мяжой непатрэбныя, а тут мы быццам бы можам выступаць, але магчымасьці абмежаваныя...



Максімюк: ...Якая твая ўлюбёная песьня з тых, што ты напісаў?..

Варашкевіч: ...Ёсьць улюбёныя песьні, якія я напісаў не адзін: «Слуцкая брама» і «Стэфка». Гэтым песьням сёлета 30 гадоў... А калі пра ўласную маю песьню, дык тут будзе «Бяжы хлопец» ці «Падае дождж ня зямлю». Мне больш падабаецца «Падае дождж на зямлю»...