Ліда: Шэсьць кандыдатаў ад БНФ ушанавалі памяць паўстанцаў 1863 году

Каля стэлы, прысьвечанай паўстанцкаму камандзіру Людвіку Нарбуту

У касьцёле Сьвятой Сям’і на вуліцы Тухачэўскага ў Лідзе прайшла беларускамоўная імша. На ёй прысутнічалі шэсьць зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты ад Партыі БНФ.

Гэта Станіслаў Суднік (Лідзкая 55-я акруга), Валер Мінец (Гарадзенская Занёманская акруга), Міхась Бурачэўскі (Івейская акруга), Уладзімер Круцікаў (Наваградзкая акруга), Вітольд Ашурак (Дзятлаўская акруга), Сяргей Трафімчык (Шчучынская акруга). Усе вылучаныя ад Партыі БНФ кандыдаты — сябры Таварыства беларускай мовы.

На імшы ўспаміналі ксяндза Адама Фалькоўскага, які зачытаў у храме паўстанцкі маніфэст, за што царскія карнікі пакаралі яго сьмерцю.

Ля каменя на месцы расстрэлу ксяндза Фалькоўскага

Пасьля кандыдаты праехалі па месцах, якія ў Лідзе зьвязаныя з паўстаньнем. Гэта стэля паўстанцкаму камандзіру Людвіку Нарбуту каля касьцёла ў мікрараёне Індустрыяльны, камень на месцы расстрэлу ксяндза Фалькоўскага ў гарадзкім парку і магіла Валерыі Ціхановіч на старых каталіцкіх могілках. Ушанавалі памяць хвілінай маўчаньня, запалілі зьнічы.

Каля магілы Валерыі Ціхановіч, удзельніцы паўстаньня

Станіслаў Суднік сказаў Свабодзе, што памяць паўстанцаў 1863-га ўшаноўваюць кожны год.

Звычайна ўшанаваньне прымяркоўваюць да 27 ліпеня — дня абвяшчэньня сувэрэнітэту Беларусі. Але сёлета ўлады не далі на гэта дазволу, сказаў Суднік:

«Спаслаліся на гарачыню, што вакол Крыжоў пажаранебясьпечная тэрыторыя, навокал расьце жыта».

Сёлета падзею вырашылі прымеркаваць да 25-х угодкаў наданьня статусу канстытуцыйнага закону Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, сказаў Станіслаў Суднік. Гэтая падзея адбылася 25 жніўня 1991 году.