Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі зноў абвясьціла конкурсы па выбары інвэстараў для распрацоўкі двух радовішчаў нафты. Першы раз радовішчы выстаўляліся на аўкцыён у канцы сакавіка 2016 году.
Два радовішчы плянуюць перадаць у канцэсію інвэстарам, перадае прэс-служба Мінпрыроды. Канцэсія — гэта пагадненьне, якое дазваляе шукаць, разьведваць і эксплюатаваць радовішчы карысных выкапняў, што належаць дзяржаве.
Для распрацоўкі інвэстарам прапануюць перадаць два радовішчы: Пазьнякевіцкую плошчу ў Нараўлянскім раёне і Акаліцкую плошчу — у Ельскім.
Геалягічныя рэсурсы нафты Пазьнякевіцкай плошчы ацэньваюцца ў 706 тысяч тон, Акаліцкай — 485,6 тысячы тон. Радовішча аддаецца ў канцэсію на 60 месяцаў з дня заключэньня дамовы.