У Каліфорніі дзеці будуць вучыць беларускую мову і літаратуру

У школе Community Outreach Academy, разьмешчанай у прыгарадзе сталіцы штату Каліфорнія гораду Сакрамэнта ў зоне кампактнага пражываньня славянскай дыяспары, адкрыўся кляс беларускай мовы і літаратуры.

Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу МЗС Беларусі.

У школе каля 1300 навучэнцаў ад 5 да 12 гадоў, большасьць зь іх — дзеці славянскіх імігрантаў, у тым ліку выхадцаў зь Беларусі. Колькасьць беларускіх дзяцей, якія навучаюцца ў школе, расьце.

Як адзначаюць у МЗС, ідэя адкрыцьця беларускага клясу ўзьнікла падчас наведваньня школы ў студзені 2016 году беларускай дэлегацыяй, і была пасьпяхова рэалізавана дзякуючы намаганьням дырэктара школы Ларысы Ганчар, якая паходзіць зь Беларусі, пры садзейнічаньні беларускага боку.