Украіна мае прасіць дапамогі беларускіх інструктараў для тэрытарыяльнай абароны – былы кіраўнік вайсковай контравыведкі 

Ілюстрацыйнае фота

Украінскі ўдзельнік менскага перамоўнага працэсу ў пытаньнях разьвязаньня сытуацыі на Данбасе Яўген Марчук, які ў свой час працаваў ва Ўкраіне прэм’ер-міністрам, міністрам абароны і кіраўніком Службы бясьпекі, мяркуе, што Ўкраіна павінна больш уважліва адсочваць сытуацыю ў Беларусі ў кантэксьце магчымых новых ваенных пагрозаў з боку Расеі.

«Перш за ўсё, я б рэкамэндаваў перагледзець увесь дыпляматычны сэктар, як той, што забясьпечвае зьнешнепалітычную дзейнасьць. Прэзыдэнт Украіны мае дыпляматычную адукацыю, сам добра ведае ангельскую мову, але, акрамя прэзыдэнта, мае працаваць машына. Толькі вось гэтыя тры кампанэнты – прадстаўніцтва ў НАТО, амбасадар у Менску, прадстаўніцтва ў Савеце бясьпекі ААН – сьведчаць пра тое, што машына вельмі сур'ёзна кульгае», – сказаў Яўген Марчук 17 жніўня ў Кіеве ў часе дыскусіі на круглым стале «Расея супраць Украіны: апошні шанец Пуціна?».

Прадстаўнік Украіны ў менскай перамоўнай групе зьвярнуў увагу на тое, што больш як год у Беларусь не прызначаны новы пасол пасьля адстаўкі ў траўні 2015 года Міхаіла Ежаля, якога ўкраінскія ўлады цяпер вышукваюць у межах крымінальнай справы аб неналежным выкананьні ім службовых абавязкаў на пасадзе міністра абароны.

«Хто ведае, што адбываецца ў ваенным сэнсе ў Беларусі ў дачыненьні да Ўкраіны? У структурным сэнсе? А што ў Гомелі адбываецца? Я не хачу паглыбляцца, гэта спэцыфічная тэма, але я магу сказаць, што там назапашваюцца вельмі сур’ёзныя праблемы для Украіны, нягледзячы на тое, што прэзыдэнт Лукашэнка заяўляе, што зь беларускай зямлі ня будзе вайны супраць Украіны», – дадаў Яўген Марчук.

У той жа час колішні кіраўнік вайсковай контравыведкі Украіны Аляксандар Скіпальскі мяркуе, што Украіна мае зьвярнуцца да Беларусі па інструктарскую дапамогу ў арганізацыі тэрытарыяльнай абароны.

«У аснове непераможнасьці Расеі ў выпадку вонкавай агрэсіі стаіць народная партызанская і рэгулярная вайна. Тое ж самае, дарэчы, зрабілі і ў Беларусі. Гэтак званае народныя апалчэньне выконвае сваю задачу без адрыву ад вытворчасьці, а ў мірны час на апалчэньне можа пакладацца ахова мяжы працягласьцю больш як 7000 кілямэтраў. Калі кіраўніцтва Расеі пабачыць, што на ўсёй тэрыторыі Украіны створаныя ўмовы для вядзеньня такой вайны, ці вырашыцца яна на адкрытую агрэсію? Захапіць тэрыторыю можна, а вось утрымаць – складана. Было б нядрэнна, каб нашыя дыпляматы або вайскоўцы зьвярнуліся да Беларусі аказаць дапамогу інструктарамі ў арганізацыі стварэньня такой сыстэмы. Наколькі мне вядома, у іх яна фундамэнтальна адпрацаваная, а калі будзе адмова, то як раз і праверым іх стаўленьне да Ўкраіны», – адзначыў Аляксандр Скіпальскі.