«Дождж»: падчас страляніны ў Крыме пацярпелі мірныя жыхары

Ілюстрацыйнае фота з Крыму

Паводле інфармацыі незалежнага расейскага тэлеканалу «Дождж», падчас страляніны ў раёне Армянску 7 жніўня, якая адбылася нібыта падчас затрыманьня супрацоўнікамі ФСБ падазраваных у спробе арганізаваць тэракты, пад абстрэл патрапіў аўтамабіль з двума мірнымі жыхарамі.

Пра гэта тэлеканалу расказаў прадстаўнік Мэджлісу крымска-татарскага народу ў Крыме Музафар Фукала са спасылкай на відавочцаў і сябра пацярпелага Баху Аліева. У распараджэньні тэлеканалу таксама аказалася відэа, на якім бачныя сьляды абстрэлаў на аўтамабілі.

Паводле слоў прадстаўніка Мэджлісу, у аўтамабілі знаходзіліся хлопец і дзяўчына. У кіроўцу трапілі тры ці чатыры кулі, пасажырка знаходзіцца ў рэанімацыі.

Карэспандэнты «Дажджу» пабывалі ў бальніцы Краснаперакопску. Супрацоўнік пацьвердзіў шпіталізацыю маладога чалавека і дзяўчыны пасьля абстрэлу. Паводле яго слоў, іх перавялі ў бальніцу Сімферопаля.

Карэспандэнтам «Дажджу» не ўдалося трапіць у бальніцу Сімферопаля. Паводле іх інфармацыі, пасьля пераводу з Краснаперакопску стан хлопца пагоршыўся, пра дзяўчыну па-ранейшаму няма ніякай інфармацыі.

Інфармацыю аб абстрэле аўтамабіля таксама пацьвердзіў сябар яго кіроўцы Баха Аліеў. Кіроўца проста ехаў уначы і раптам страціў прытомнасьць — аказалася, ён быў паранены.

У распараджэньні тэлеканала ёсьць відэа, на якім зьняты шэры аўтамабіль Skoda з крымскім нумарам. На корпусе аўтамабіля ёсьць мноства сьлядоў ад куль.

Крымскае ўпраўленьне Сьледчага камітэту не адказала на запыт «Дажджу». Пракурор Крыму Наталля Паклонскага адмовілася камэнтаваць сытуацыю. Канал таксама накіраваў запыт у Міністэрства абароны Расеі.

Расейскія ўлады паведамілі 10 жніўня аб «нэўтралізацыі» групы ўкраінскіх дывэрсантаў ў горадзе Армянск у ноч з 6 на 7 жніўня. Масква заявіла, што падчас спэцаперацыі загінуў супрацоўнік ФСБ, неўзабаве загінуў яшчэ адзін вайсковец.

Паводле вэрсіі расейскага боку, рыхтаваліся тэракты супраць аб’ектаў інфраструктуры. Былі арыштаваныя два грамадзяніны Ўкраіны.

Прадстаўнік украінскай разьведкі ў інтэрвію агенцтву Reuters назваў расейскія цьверджаньні «ілжывымі». Міністар абароны Ўкраіны Сцяпан Палтарак ацаніў паведамленьне ФСБ Расеі як «правакацыйнае».