Сярпы і молаты Барыса Сачанкі

Б. Сачанка, «Пад сузор’ем сярпа і молата», аповесьці, апавяданьні, запісы розных гадоў. Сэрыя «Кнігарня пісьменьніка», выдавецтва «Кнігазбор», Менск, 2016, 548 старонак.

Барыс Сачанка быў буйным празаікам, адной зь вядомых асобаў у беларускай літаратуры. Памёр у 1995-м. Яму было толькі 59. У канфліктных сытуацыях з сучасным яму начальствам не пасьпеў апынуцца, але кніга яго была адхіленая і выйшла толькі цяпер. З прыгожай назваю: «Пад сузор’ем сярпа і молата».

Пад вокладкай творы, якіх я ня бачыў раней, а таксама тыя, што друкаваліся, якія я ўжо чытаў. Тэксты былі напісаныя ў 1990-93 гадах, калі гісторыя пачала рабіцца і ў правінцыйнай дагэтуль Беларусі. Калі стала можна тое, за што раней хапалі за каршэнь, пісаць так, як раней не асьмельваліся. Што было забаронена і чаго не дазваляў твой унутраны цэнзар. Гэтым і цікавая кніга пісьменьніка Барыса Сачанкі.

Масьціты празаік ня мог не пісаць у савецкі час пра вайну, якую перажыў сам. Але распавесьці пра сваю вайну, асабістую, ён якраз ня мог. Так і заставаліся ў душы нявыкарыстаныя, жывыя ўспаміны, цяжкія перажываньні, страхі. Гісторыя не для савецкай анкеты.

Такім творам стала аповесьць «Засталіся толькі ўспаміны...», пазначаная 1992 годам. Праўдзівая гісторыя Сачанкаў, сям’і і самога пісьменьніка.

Краіна маленства — вёска Вялікі Бор на Палесьсі. Пачатак вайны, бацьку пасьпяваюць забраць у Чырвоную армію. Вяртаецца пры канцы году. Трапіў неўзабаве ў палон, у лягер, надзеі выжыць былі кволыя, але ўдалося ўцячы. Яго па чарзе агітуюць то ў паліцаі, то ў партызаны, ён пазьбягае і тых, і другіх. Калі ў вёсцы чакаюцца партызаны ці немцы, часам надоўга зьнікае з хаты — хоць зіма, хоць мароз, хаваецца недзе ў лесе.

Аднойчы Вялікі Бор спасьцігае жудасны лёс. Усіх жыхароў, хто не пасьпеў схавацца, гоняць на станцыю, вялікую вёску пускаюць з дымам. Але нечакана жыхароў пакідаюць жывымі. Таварным цягніком вязуць празь Беласток у Нямеччыну. Працаваць. Жудасна апынуцца ў незнаёмых умовах чужыны, працаваць пад прымусам. Але ім даюць жытло, яны атрымліваюць нейкую капейчыну. І часам можна свабодна пайсьці на станцыю, сесьці ў цягнік, каб зьезьдзіць у суседні горад, дзе працуюць у такіх жа прыблізна ўмовах сваякі.

Нечаканае здарэньне. У калгас бацька не пайшоў, не хацеў над сабой паганятых. А тут табе свой «брыгадзір», аканом. Усё чапляўся да бацькі, аднойчы ня вытрымаў, узьняў на таго вілы. Прыехалі паліцыянты, забралі ў турму. Маці ў паніцы. Малы Барыс пайшоў у мястэчка, знайшоў турму, пралез у дзірцы ў агароджы, убачыў у бацьку ў акне. Паразмаўлялі. Ня бойся не расстраляюць, супакоіў бацька, але за кратамі патрымаюць. Сын зьбегаў дахаты, прынёс ежы. Бацька сказаў: не насі нічога, мяне тут кормяць. Міжвольнае пытаньне: каб НКВД сваім часам забрала ўначы «варанком», як гэта любіла, ці ўбачыў бы сын яшчэ бацьку? Ці змог бы бегаць да яго ў турму НКВД? Ці дачакаўся б з Гулагу? Каб той вілы на брыгадзіра ўзьняў?

Барыс хадзіў да бацькі два месяцы кожны дзень, потым немцы выпусьцілі бацьку з турмы.

Яшчэ ўспамін, аб якім Барыс Сачанка ў савецкі час ніколі б не напісаў. Да іх прыяжджалі вярбоўшчыкі зь бел-чырвона-белым сьцягам, размаўлялі па-беларуску і агітавалі ў беларускае войска. Маладжавая жанчына і два мужчыны ў гадах. «А супраць каго будзе тое войска ваяваць? — спытаў наш бацька» — піша Барыс Сачанка: «За вольную і незалежную Беларусь, — адказала бацьку жанчына. Яе ў нас аднялі бальшавікі, але мы вернем яе». Яна натхнёна прачытала «вельмі складаны верш» і сказала, што сама возьме ў рукі зброю, каб змагацца за Бацькаўшчыну.

Вярбоўшчыкі расказалі пра беларускі ўрад і пра тое, колькі бяды і сьлёз прынёс Сталін беларусам. Аднавяскоўцы пагаджаліся зь вярбоўшчыкамі, але ніхто не запісаўся.

Вось ён, беларус: у калгас не пайшоў, у Чырвоную армію не хацеў. Пасьля хаваўся ад партызанаў, ад паліцаяў і ад немцаў. У вызвольнае войска пад бел-чырвона-белым сьцягам таксама ня стаў запісвацца. Немцы — зьвяры, казаў бацька сыну, а цяпер яны — паранены зьвер, а ён заўсёды страшны. Набліжаўся канец вайны.

Вызвалілі іх амэрыканцы. Афіцэры пачалі агітаваць у Амэрыку: там усё ёсьць, няма толькі беспрацоўя! Прыехалі і новыя вярбоўшчыкі пад бел-чырвона-белым сьцягам. Беларусы гаварылі больш стрымана, адзін перад вайной паспытаў Гулагу. Пераконвалі: і вас могуць у Сыбір адправіць... У Амэрыку запісвацца ня сталі. Хацелася дамоў, хоць дому не было, толькі гарэлішча.

Неўзабаве зьвіліся савецкія афіцэры, усё распыталі, сказалі рыхтавацца да адпраўкі на радзіму. Запіс у СССР, трэба сказаць, адбываўся ў прысутнасьці амэрыканцаў. Працэдура таму выглядала звонку дэмакратычнай. Кожнага, нават дзяцей, савецкія афіцэры выклікалі да стала, у кожнага асабіста пыталіся, куды мае жаданьне ехаць (каб у Амэрыку, то быццам адпусьцілі б!) і абавязвалі росьпісам пацьвердзіць сваё жаданьне.

І пачаўся доўгі шлях грузавікамі дахаты. Калі спыняліся, бацьку выклікалі ў Смерш, палохалі Сыбірам. На допытах высьвятлялі: ці не завэрбаваны амэрыканцамі, ці не для выкананьня шпіёнскага заданьня вяртаецца на вялікаборскае гарэлішча? «Усе глядзяць на мяне як на здрадніка, ніводнаму слову ня вераць. Быццам я ўсе етыя гады не ў няволі, а на курорце быў», — казаў ён. Паказаў паперу зь нямецкай турмы, адабралі: «Можа ты ні ў якай турме не сядзеў, а ў школе на шпіёна вучыўся».

Як вярнуліся на гарэлішча, сталі выклікаць у калгасную кантору — то ў паліцаі некалі прымушалі, то цяпер ў калгас, журыўся бацька: «Бальшавікі, немцы. Паліцаі, партызаны... Быццам насланьнё якое... І ўсё пагражаюць, страшаць...» Пачалі зноў цягаць у Хойнікі, каб падпісаў дакумэнт, што вучыўся ў нямецкай шпіёнскай школе.

Аднойчы чакалі яго амаль двое сутак: быў допыт «с пристрастием». У турму завялі. Цэлую ноч: не гаворыш? «Паставяць да сьцяны і страляюць... Куля ля самага вуха дзынькне, пабелка са сьцяны ў твар... А ён: Ах! — і вылаецца. — Зноў прамахнуўся! Няхай, яшчэ пагаворым...»

Назаўтра бацька ня ўстаў з ложка, ногі адняліся...

Сталінская радзіма іх прыгарнула, але для савецкай улады, для яе перадавога атраду НКВД вялікаборцы былі вінаватыя, былі пад моцным падазрэньнем. Чаму, спаліўшы вёску, немцы ня зьнішчылі жыхароў? Чаму іх забралі ў Нямеччыну, дзе ўмовы жыцьця былі лепшыя, чым на акупаванай тэрыторыі? Чаму, у рэшце рэшт, жыхароў Вялікага Бору вызвалілі амэрыканцы? Чаму?! Гэта ставілася ім напрасткі ў віну: вызваленьне амэрыканцамі. Паводле чэкісцкай лёгікі, вялікаборцы павінны былі сысьці пагалоўна ў партызаны альбо памерці, на іншае ў іх не было маральнага права.

Гэта маладога Барыса Сачанку будзе перасьледаваць і надалей: «знаходжаньне ў Нямеччыне» і «вызваленьне амэрыканцамі». Бліскуча здадзеныя экзамэны на аддзяленьне журналістыкі Белдзяржунівэрсытэту. Ён сам ня верыць, але — студэнт! Аднак з родных мясьцін «дабрадзеі» паведамляюць куды трэба пра Нямеччыну і амэрыканцаў. Усё, канец. Але шчасьлівы зьбег акалічнасьцяў, рыхтык як у кіно: Хрушчоў выкрывае ў Маскве культ асобы Сталіна. І Барыс Сачанка застаецца студэнтам.

Думаецца, усе гэтыя ўражаньні, перажываньні, перш за ўсё пра Нямеччыну менавіта ды пра амэрыканцаў, і маглі зрабіць яго пазьней пісьменьнікам. Пад акупацыяй пабывалі мільёны, пісьменьнікамі сталі адзінкі.

Вялікі Бор адбудаваўся, жыцьцё наладзілася. Каб быць зьнішчаным і разбураным у 1986-м. У «пасьлячарнобыльскіх» апавяданьнях Барыса Сачанкі безнадзейнасьць. Была вялікая сям’я, добры дом, гаспадарка, лад у жыцьці. Цяпер тут і побач хварэюць, паміраюць. Дык нельга ж есьці было нічога свайго, папярэджвалі! Ні з агароду, ні зь лесу, ні малака, нічога. А што есьці? Калі ў крамах пустыя паліцы, што? Няма адказу. Тое, што гітлераўцам не ўдалося, савецкай уладзе — бязь цяжкасьцяў...

Давялося чуць, што беларуская эміграцыя была Барысам Сачанкам за нешта вельмі незадаволеная. Але ж ён пісаў аб ёй, вяртаў імёны. Чым жа маглі быць незадаволеныя эмігранты? Можа гэтым? Барыс Сачанка ўзгадаў «былога ўзвышэнца», крытыка Антона Адамовіча. «Мы ішлі служыць у адміністрацыю, каб не захапілі яе рускія і палякі. Хоць слова беларускае там гучала... А каб служыць немцам — не», — працытаваў Барыс Сачанка самога Адамовіча і зрабіў выснову: «Але сам А. Адамовіч служыў немцам. І добра, аддана служыў. Як і некаторыя іншыя».

Барыса Сачанку турбаваў трагічны лёс беларускіх пісьменьнікаў, зьнішчаных НКВД. Тэкст «Ахвяры і каты» друкаваўся і раней. Прывёў ён лічбы: пасьля рэпрэсій 1930-37 гг. у Саюзе пісьменьнікаў засталося ўсяго каля сарака чалавек. У нашы дні быў складзены сьпіс літаратараў 1930 гадоў, у ім 159 прозьвішчаў. Але ў яго ня трапілі тыя, «хто падпаўшы пад сталінскі прэс і цудам вырваўшыся з-пад яго, потым эмігравалі з нашай краіны», пісаў Сачанка. У сьпісе не было і імёнаў многіх маладых, хто не пасьпеў зрабіць сабе імя. Таму агульная лічба рэпрэсаваных будзе каля двухсот: на аднаго на волі, пяць былі ў турмах і лягерах, пісаў ён.

І псыхалягічна вельмі проста зразумець, як Антон Адамовіч альбо нехта іншы, каму цудам удалося ня здохнуць як загнанай скаціне ў Гулагу, цешыўся паразам Сталіна, ягонага нялюдзкага савецкага ладу. Ён у акупаваным Менску, што яму рабіць? Ісьці ў падпольшчыкі, рызыкаваць жыцьцём, каб паспрыяць вяртаньню ўлады катаў, зьвера? Каб чым хутчэй вярнулася НКВД?! Так, і Гітлер быў зьверам, вядома. Што ж рабіць беларускаму чалавеку паміж двума зьвярамі?

Такая калізія мусіла быць, безумоўна, цікавай для пісьменьніка. Але Барыс Сачанка, як выглядае, мог да яе падыходзіць як чалавек, які стаў часткай сыстэмы: спачатку яна яго адпрэчвала, але ўрэшце нават узвысіла да членства ў ЦК КПБ, аб чым піша ён сам. Так, сыстэмы, для якой «знаходжаньне ў Нямеччыне» і «вызваленьне амэрыканцамі» калі не крымінальнае злачынства, то безумоўны грэх, пляма на ўсё жыцьцё.

На жаль, беларускія пісьменьнікі не ўсьвядомілі, не адчулі, што сытуацыя Антона Адамовіча і іншых — гэта падарунак лёсу, гэта трылёгіі, сагі, эпапэі. Шанец ня выкарыстаны. Позна. Час літаратуры і пісьменьнікаў мінуў. У значнай ступені. У Беларусі перадусім. Начальства 22 гады нястомна дбае, каб у гэтай краіне быў чытач расейскай кнігі, не беларускай.

А «Пад сузор’ем сярпа і молата» — выдатная кніга, рэкамэндую.