Пра тое што абвінавачваньні Расеі на адрас Украіны бяздоказныя, 11 жніўня заявіла прэс-сакратар вярхоўнай прадстаўніцы Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Фэдэрыкі Магерыні. «Важна канстатаваць, што сьцьвярджэньням расейскіх уладаў да гэтага часу няма незалежных пацьверджаньняў», — цытуе яе «Нямецкая хваля».
У заяве таксама падкрэсьліваецца, што назіральнікі АБСЭ ня маюць доступу да анэксаванага Расеяй Крыму. Раней з падобнай заявай аб адсутнасьці пацьверджаньняў выступіў і Дзярждэпартамэнт ЗША.
У той жа дзень прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка даручыў прывесьці ва ўзмоцненую баявую гатоўнасьць усе падразьдзяленьні на мяжы з анэксаваным Расеяй Крымам, а таксама па ўсёй лініі разьмежаваньня ў Данбасе.
Гэта распараджэньне зьявілася праз суткі пасьля заявы прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, які абвінаваціў Украіну ў «пераходзе да тэрору». Так ён пракамэнтаваў паведамленьне ФСБ аб прадухiленьнi ў Крыме тэрактаў, нібыта падрыхтаваных Галоўным упраўленьнем выведкі Мінабароны Ўкраіны.
ФСБ паведаміла аб нэўтралізацыі групы ўкраінскіх дывэрсантаў ў горадзе Армянску ў ноч з 6 на 7 жніўня. Пры затрыманьні, заявіла ведамства, загінуў супрацоўнік ФСБ, яшчэ адзін вайсковец загінуў наступнай ноччу. Абʼектамі прадухіленых у Крыме тэрактаў названыя крытычна важныя элемэнты інфраструктуры і жыцьцезабесьпячэньня паўвострава.