Бэрлін адмовіўся ад нэўтралітэту на выбарах у ЗША праз Трампа

МЗС ФРГ заявіла, што больш не прытрымліваецца нэўтральнай пазыцыі адносна кандыдатаў у прэзыдэнты ЗША, перасьцерагаючы амэрыканцаў ад выбару на карысьць «прапаведніка нянавісьці» Трампа.

Нямецкае зьнешнепалітычнае ведамства афіцыйна адмовілася ад нэўтральнай пазыцыі ў адносінах да кандыдатаў у прэзыдэнты ЗША. Міністар замежных спраў Франк-Вальтэр Штайнмаер падкрэсьліў, што ўрад ФРН «сапраўды не адносіцца да гэтай тэмы нэўтральна». Пра гэта ў сераду, 10 жніўня, паведаміла прэс-сакратарка МЗС Нямеччыны Савсан Чэблі.

Паводле яе слоў, Штайнмаер заявіў, што яму «становіцца жудасна ад думкі пра тое, што будзе з гэтым сьветам», калі кандыдата ад рэспубліканцаў Дональда Трампа выберуць у прэзыдэнты ЗША і ён ўвасобіць у жыцьцё свае перадвыбарчыя абяцаньні. «Міністар замежных спраў Нямеччыны зьвяртае на гэта грамадзкую ўвагу, маючы на тое поўнае права», — цытуе Чэблі агенцтва Reuters.

Ад канцлеркі ФРН Ангелы Мэркель камэнтараў на гэтую тэму не было. Як патлумачыла прадстаўніца ўраду, кіраўніца кабінэту «ня ўмешваецца ў перадвыбарную барацьбу і не камэнтуе яе».

Раней, 4 жніўня, Штайнмаер назваў Трампа «прапаведнікам нянавісьці», заявіўшы, што з усё большай трывогай назірае за тым, як па ўсім сьвеце распаўсюджваецца «пачвара нацыяналізму».

Пра гэта перадае «Нямецкая хваля».