Афіша:
У Маладэчне ў Палацы культуры пройдзе закрыцьцё міжнароднага пленэру мастакоў «Маладэчна Арт — 2016». Пачатак а 10.00.
У мастацкай галерэі «Ўнівэрсытэт культуры» (Палац Рэспублікі) адбудзецца адкрыцьцё выставы аўтарскіх эксклюзіўных трыкатажных мадэляў дызайнэра Людмілы Хрол «Свой стыль». Пачатак а 17.00.
У кнігарні «логвінаЎ» у Менску паказ украінскага фільму «Племя». Пачатак а 19.00.
У гісторыі:
1788 — у Вялікіх Грынявічах на Падляшшы нарадзіўся Ігнат Даніловіч, беларускі ўніяцкі і праваслаўны сьвятар, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту, правазнаўца і гісторык. Падрыхтаваў першае навуковае выданьне статуту Статуту ВКЛ 1529 году. Разам з прафэсарам Віленскага ўнівэрсытэту Міхалам Баброўскім у бібліятэцы Супрасьлеўскага манастыра адкрыў гэтак званы Літоўскі летапіс 1446 году.
1878 — нарадзіўся Еўсьцігней Міровіч, беларускі драматург і тэатральны рэжысэр.
1878 — нарадзіўся Альфрэд Дэблін, нямецкі пісьменьнік.
1914 — у ходзе Першай сусьветнай вайны Аўстра-Вугоршчына абвясьціла вайну Расеі.
1919 — створаны Часовы беларускі нацыянальны камітэт: беларуская грамадзка-палітычная арганізацыя, каардынацыйны орган беларускага нацыянальнага руху ў час польска-савецкай вайны 1919-20 гадоў на тэрыторыі, падкантрольнай польскім вайсковым фармаваньням.
1927 — у Менску зьезд праваслаўных сьвятароў і вернікаў абвясьціў Беларускую аўтакефальную царкву. У 30-я гады ў БССР усе біскупы і сьвятары, якія аўтакефалію падтрымалі, былі рэпрэсаваныя.
1929 — нарадзіўся Алесь Ставер, беларускі паэт, празаік, драматург, аўтар тэксту песьняў «Жураўлі на Палесьсе ляцяць», «Касіў Ясь канюшыну» і іншых.
Цытата:
Заблішчалі сьвітальныя росы
На суквецьцях высокай травы.
Ой вы, косы, дзявочыя косы!
Як жа сэрца хвалюеце вы.
Краявіду нябачна ў тумане,
He відаць пешаходаў нідзе.
Толькі лугам — зялёным дыванам —
Мая мілая міма ідзе.
Я стаю пад акном каля вішні,
Хваляваньня ніяк не стрымаць...
А было б... А было б і не лішне
Пра пачуцьці свае расказаць.
Ды любімая далей і далей
Шпарка крочыць дарогай прамой.
Эх вы, росы, чаму не сказалі
Ёй пра смутак нявысьпелы мой.
Зоры-росы, як позірк любімай,
Хітравата ўсьміхаюцца мне,
Нібы кажуць: „Прайшла яна міма,
I не ўбачыш каханую, не...“
Вось і постаць яе ледзьве значна
I паволі зьнікае з вачэй.
I навошта так рана убачыў,
Цэлы дзень было б сэрцу лягчэй.
Алесь Ставер, «Лірычнае»