У Пакістане расьце колькасьць ахвяраў выбуху ў бальніцы. Паводле ўладаў гораду Квета, не менш як 70 чалавек загінулі і 120 параненыя пры нападзе сьмяротніка.
Выбух адбыўся ў панядзелак 8 жніўня каля ўваходу ў аддзяленьне рэанімацыі, куды незадоўга да гэтага даставілі цела вядомага адваката Біляля Касі — ён быў забіты некалькімі гадзінамі раней, калі накіроўваўся ў суд.
Большасьць ахвяраў выбуху ў шпіталі — юрысты і журналісты, якія прыйшлі разьвітацца з забітым адвакатам. У першых паведамленьнях пасьля выбуху выказваліся меркаваньні, што посьпех нападу мог стаць вынікам змовы нападнікамі і службай бясьпекі шпіталю.
Адказнасьць за напад ўзяла на сябе групоўка «Джамаат-уль-Ахрар», якая ўваходзіць у склад руху пакістанскіх талібаў, паведамляе Reuters. Менавіта гэтая групоўка ўзяла на сябе адказнасьць за выбух у сакавіку ў горадзе Лагор. Тады загінулі 72 чалавекі, сярод якіх шмат дзяцей.