Афіша:
У Беларускім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры і мастацтва (Менск, вул. Кірылы і Мяфодзія, 4) адбудзецца адкрыцьцё выставы «Зь вераю, што зыйдуцца дарогі...», прымеркаванай да 90-годзьдзя гісторыка, журналіста, пісьменніка, беларускага грамадзкага дзеяча ў ЗША Янкі Запрудніка. Пачатак а 15.00.
У Этнацэнтры «РАГНА» (Менск, вул. Караля, дом 22 / вул. Сухая, дом 4) пройдзе адкрыцьцё пэрсанальнай выставы фатаграфіі «Эцюды» Сяргея Курылы з Горадні. Пачатак а 18.00.
У гісторыі:
1926 — нарадзіўся Янка Запруднік, дзяяч беларускага нацыянальнага руху, гісторык, журналіст. Янка Запруднік, які ў акупаванай немцамі Беларусі належаў да Саюзу беларускай моладзі, у 1944 выехаў у Нямеччыну. У 1945 годзе патрапіў у амэрыканскі палон, у 1945-49 гг. прабываў у лягерах перамешчаных асобаў у Нямеччыне, дзе закончыў Беларускую Гімназію імя Янкі Купалы. У 1950-54 атрымаў вышэйшую адукацыю на гістарычным факультэце Лювэнскага ўнівэрсытэту (Бэльгія). У верасьні 1954 пачаў працаваць журналістам беларускай сэкцыі радыёстанцыі «Вызваленьне» ў Мюнхене. У 1957 пераехаў у ЗША, дзе працягваў працу ў Нью-Ёрку да 1991 на той жа радыёстанцыі (ад 1964 — Радыё Свабода). У 1969 у Нью-Ёркскім унівэрсытэце абараніў дысэртацыю і атрымаў ступень доктара гістарычных навук. Сярод іншага, аўтар наступных кнігаў: «Дванаццатка. Дакумэнтальная аповесьць пра дванаццацёх беларускіх хлапцоў у Нямеччыне, Вялікабрытаніі й Бэльгіі», «Беларусь на гістарычных скрыжаваньнях», «Гістарычны слоўнік Беларусі».
1938 ― нарадзіўся Леанід Кучма, украінскі палітык, другі прэзыдэнт Украіны.
1945 ― атамнае бамбаваньне Нагасакі авіяцыяй ЗША.
1999 ― Уладзімір Пуцін прызначаны выканаўцам абавязкаў старшыні ўраду Расеі.
У памяці:
1516 ― памёр Геранімус Босх, мастак эпохі Паўночнага Адраджэньня XV-XVI стагодзьдзяў.
1870 ― памёр Чарлз Дыкенс, ангельскі пісьменьнік.
1943 ― памёр Хаім Суцін, францускі мастак паходжаньнем зь Беларусі.
1976 ― памёр Іван Мележ, беларускі пісьменьнік.
Цытата:
«Ох ужо гэты Скрудж! Ён быў сапраўдным скнарам, выціскаў зь людзей усе сокі, адбіраў апошняе, абдзіраў як ліпку, не пакідаў ні на семя ні на емя, абскубаў з галавы да пят, аблупліваў да жывога! Ох ужо гэты стары грэшнік! Ён быў цьвёрды і востры, як крэмень, зь якога ніколі не высякалі хаця б іскрынкі шчодрага агню, ён быў скрытны, і самотны, і замкнёны, як рак-пустэльнік. Ад холаду яго душы старэчыя рысы зьледзянелі, нос завастрыўся, шчокі высахлі, хада пацяжэла, вочы пачырванелі, вусны пасінелі, а голас зрабіўся яшчэ больш скрыплівым, чым раней. Шэрань ляжала і на скронях Скруджа, і на яго бровах, і на падбародзьдзі. Гэты холад ён прыносіў з сабой паўсюль, куды б ні пайшоў, замарожваючы кантору нават у самыя сьпякотныя дні і не адтайваючы хоць на паўградусу пад Каляды».
Чарлз Дыкенс, фрагмэнт аповесьці «Калядны харал» (пераклад Ганны Янкуты)