«Я ня крала, не забівала. Я сьпіну гнула, зьбіраючы гэтыя грыбы й ягады. Цяпер мяне за іх штрафуюць». Грыбнікі на ўзбочыне

Сяргей Палівач і Валянціна Семянчук

У Рэчыцкім раёне мясцовыя ўлады караюць штрафамі вяскоўцаў, якія зьбіраюць грыбы і ягады і прадаюць пры шашы Гомель-Кобрын. Ад фінансавых пакараньняў, бадай, найбольш пакутуюць жыхары аграгарадка Зашчоб’е.

Штраф на штрафе

Хата Сяргея Палівача і Валянціны Семянчук стаіць усяго за паўсотні мэтраў ад бойкай шашы. Калі б ня ехаў летняй парою ў бок Калінкавічаў альбо ў зваротным напрамку, насупраць яе на драўлянай табурэтцы абавязкова стаяць вядзерца зь лісічкамі, баравікамі альбо слоікі з чарніцамі.

Часьцяком сюды прыходзяць іншыя вяскоўцы — таксама ставяць свае табурэткі з дарамі лесу, а самі прымошчваюцца за імі на зэдліках ды розных іншых прыстасаваньнях. Але варта каторай машыне прытармазіць насупраць, грыбнікі адразу ўзьнімаюцца са сваіх «гняздоўяў», нібы чародка напалоханых птушак.

«Сабраць грыбы ці ягады — адно, але ж трэба іх яшчэ й прадаць, каб была капейчына, — тлумачыць Валянціна. — От, тут у нас і пачынаецца кардэбалет. Мы пільнуем пры дарозе пакупнікоў, а старшыня нашага Зашчоб’еўскага сельскага савету Натальля Дасько з участковым інспэктарам ловяць нас і штрафуюць. Дасько часам проста фатаграфуе нас на тэлефон, а пасьля з Рэчыцкага райвыканкаму нам прыходзяць штрафы».

Сяргей і Вольга атрымалі сёлета тры штрафы — два на 450 тысяч недэнамінаваных рублёў за продаж пры шашы грыбоў і ягад. Трэці штраф наагул астранамічны — 3 мільёны 600 тысяч рублёў.

«Ня ведаем нават, за што ён. Як глянула суму, то адразу парвала паперчыну», — кажа Валянціна.

Сяргей сплачваць штрафы не зьбіраецца:

«Яны незаконныя, і сплачваць я іх не зьбіраюся. Няхай бы зрабілі пляцоўку для гандлю — і ўсё было б добра. Я б і падатак плаціў за кожны дзень, калі прадаю грыбы. Раней у нас стаялі гандлёвыя сталы, але іх прыбралі. У лес хаджу па грыбы ды ягады, бо трэба выжываць. У першай маёй сям’і — двое дзяцей, ім трэба алімэнты аддаць, самому харчавацца і адзявацца. А за капейкі ў калгас я хадзіць ня буду».

Пакланіцца кожнаму грыбочку

На дадатак да цяперашніх штрафаў судовы выканаўца Рэчыцкага раёну даслаў дзьве пастановы пра пачатак выканаўчай вытворчасьці па выплаце штрафаў за папярэднія гады — агулам на 450 тысяч.

Транспарт, газы, радыяцыя і рынак у Рэчыцы

Старшыні Зашчоб’еўскага сельсавету Натальлі Дасько ў дзень гутаркі з вясковымі грыбнікамі на месцы не аказалася — была ў ад’езьдзе. Празь дзень у тэлефоннай размове яна пералічыла, што грыбнікі парушаюць забарону на наведваньне лясоў у зьвязку са сьпякотным надвор’ем, не правяраюць грыбы і ягады на радыяцыю, прадаюць у несанкцыянаваных месцах ды яшчэ нібыта перашкаджаюць транспартнаму руху. Да таго ж, ад транспарту багата шкодных выхлапных газаў — людзей папярэджвалі, дасылалі паведамленьні.

Зашчоб’еўскі сельскі савет

«Калі ласка, едзьце ў Рэчыцу, правярайце грыбы й ягады ды ідзіце гандляваць на рынак», — раіць Натальля Дасько.

Сёлета з падачы сельскага савету адміністрацыйная камісія райвыканкаму штрафавала ня толькі Сяргея Палівача з Валянцінай Семянчук. Пра атрыманы штраф за продаж ягад апавядае і Тацяна Філімонава:

«Мне 52 гады. Уладкавацца на працу няма куды. Прыходзіць лета, хочацца зарабіць. А шостай раніцы падымаюся, іду ў лес па грыбы й ягады. Насупраць свайго дома пры шашы выстаўляем, каб прадаць. Старшыня сельскага савету выклікае на нас міліцыю, цкуе. Мне з мужам таксама штраф далі. Ён вісіць на нас. Як я яго заплачу, калі не працую. Я ня крала, не забівала. Я сьпіну гнула, зьбіраючы гэтыя грыбы й ягады. Цяпер мяне за іх штрафуюць. Лямантуюць, што ягады радыеактыўныя. А скупшчыкі забіраюць ягады тонамі. І сельсавет раіць: здавайце нарыхтоўшчыкам. Але ж яны капейкі плацяць —16 тысяч за кіляграм. Дык, ім, выглядае, можна нажывацца на нашай працы, а нам зарабіць — нельга».

У лес выпраўляе галеча

Прыдарожныя прапановы

Вяскоўцы з Зашчоб’я, зрэшты як і любыя іншыя зьбіральнікі грыбоў і ягад, выпраўляюцца ў лес на досьвітку.

«Пакуль зойдзем (а гэта кілямэтраў каля шасьці), пакуль назьбіраем тых лісічак ці чарніц — гадзін пяць праходзіць, ды яшчэ зваротная дарога. Грыбы й ягады — ня надта салодкі хлеб. На гадзюк ды мядзянак наглядзісься, што ажно дрыжыкі працінаюць, — дзеліцца сваімі ўражаньнямі Валянціна Семянчук. — Па зроку ў мяне трэцяя група інваліднасьці. Дзяржава плаціць мільён 20 тысяч на старыя грошы. Вось і выжыві на такую дапамогу. Раней працавала ў краме, а цяпер выручае толькі лес».

У Валянціны і Сяргея — грамадзянскі шлюб.

«Каб ня лес, то хоць рукі складай і памірай, — падсумоўвае Сяргей. — Ягады й грыбы ў нас адносна чыстыя — скупшчыкі бяруць. І кіроўцы, калі едуць на машынах і спыняюцца купіць грыбы ці ягады, часта маюць дазімэтры. Правераць і бяруць. Гэта калі хто езьдзіць на дызелі ў Хойніцкі раён, то там можа нахапаць радыяцыі з грыбамі і ягадамі. Таму я й не разумею, навошта нас тут душыць».

Вольга Храмянкова

Пры шашы на Зашчоб’е сустракаем яшчэ адну вяскоўку на ровары. На стырне — два вядзерцы для раўнавагі. У адным — баравікі, у іншым — лісічкі. Назвалася Вольгай Храмянковай.

«Ня ведаем, што ўжо й рабіць з гэтымі забаронамі, — апавядае Вольга Іванаўна. — Хіба Лукашэнку пісаць і па-чалавечы прасіць, каб нам дазволілі прадаваць грыбы пры шашы. Бо нас тут ужо „зьядаюць“ — сельскі савет з Рэчыцкім райвыканкамам. Лямантуюць — выхлапныя газы, радыяцыя. Давай сэртыфікаты і ўсё такое. Што гэта такое — нельга ўжо на кавалак хлеба зарабіць?! А жыць-то неяк трэба. Я была аграномам, цяпер на пэнсіі. Удавой засталася. Дах трэба рамантаваць. А за што? Мы з нашымі пэнсіямі — жабракі».

Па якой трасе цяпер ня едзеш — берасьцейскай, менскай, магілёўскай — абавязкова сустрэнеш грыбнікоў і зьбіральнікаў ягад. Прыдарожныя прапановы мяняюцца адпаведна сэзону — ягады, грыбы, садавіна, бульба. Беларусы выжываюць!