Вярхоўны суд Кіргізстану замяніў пажыцьцёвы прысуд Бакіеву на 30 гадоў зьняволеньня

Курманбек Бакіеў зь сям'ёй. Фота 2012 году.

Справу разгледзела судовая калегія па крымінальных справах і справах аб адміністрацыйных правапарушэньнях Вярхоўнага суду.

Вярхоўны суд зьмяніў прысуды Вайсковага суду Бішкецкага гарнізону ад 21 ліпеня 2014 году і судовай калегіі па крымінальных справах і справах аб адміністрацыйных правапарушэньнях Вайсковага суду, паводле якіх Курманбеку Бакіеву было вызначана пажыцьцёвае зьняволеньне.

Цяпер Курманбек Бакіеў рашэньнем Вярхоўнага суду прыгавораны да 30 гадоў пазбаўленьня волі, зь іх 5 (пяць) гадоў з адбываньнем пакараньня ў турме, астатнюю частку пакараньня ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму.

У пастанове адзначаецца, што ў адпаведнасьці з артыкулам 50 Крымінальнага Кодэксу КР пажыцьцёвае пазбаўленьне волі не даецца мужчынам, якія дасягнулі ў момант злачынства шасьцідзесяцігадовага ўзросту. Курманбеку Бакіеву на момант інкрымінаванага яму злачынства было за 60 гадоў.

Экс-прэзыдэнту, які зьбег з Кіргізстану ў Беларусь, у 2010 годзе было дадзена беларускае грамадзянства. 1 жніўня яму споўніцца 67 гадоў. Агенцтва БелаПАН нагадвае, зрынуты з пасады прэзыдэнта Кыргызстану ў красавіку 2010 году Курманбек Бакіеў прыехаў у Беларусь з неафіцыйнай жонкай і двума дзецьмі па асабістым запрашэньні Аляксандра Лукашэнкі. Як мяркуецца, у жніўні таго ж году ён атрымаў беларускае грамадзянства. У ліпені 2014 году Курманбек Бакіеў і яго брат Жаныбек, які ўзначальваў Службу дзяржаўнай аховы, былі прыгавораны ў сябе на радзіме да пажыцьцёвага зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Яны прызнаныя вінаватымі ў саўдзеле ў арганізацыі забойства, замаху на забойства, перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Кіргіскі бок неаднаразова патрабаваў ад Беларусі затрыманьня і экстрадыцыі Курманбека Бакіева, але беспасьпяхова.

22 кастрычніка 2015 году экс-прэзыдэнт прадставіў у Менску кнігу ўспамінаў «Боль, любоў і надзея: мой Кіргізстан» з аналізам бягучай сытуацыі на радзіме. «Я маўчаў пяць гадоў, ня ўмешваўся ні ў што, — заявіў на прэзэнтацыі Бакіеў. — Але сёньня ўсё нэгатыўнае ў Кіргізстане вешаюць на мяне, маіх блізкіх і, як кажуць, „бакіеўскіх“ людзей. Я, як зямны чалавек, заслугоўваю крытыкі, але не агульнага ганьбаваньня». У пачатку 2016 году пасол Кіргізстана ў Менску Кубанычбек Амураліеў заявіў, што праблема Бакіева застаецца на парадку дня беларуска-кіргіскіх адносін. «Гэтая праблема знаходзіцца на парадку дня. Пакуль яна ня будзе вырашацца, яна будзе на парадку дня», — сказаў дыплямат. Ён ня стаў удакладняць, што робіцца для вырашэньня гэтай праблемы.