Ужо сёньня 29 ліпеня: Лідзія Ярмошына дае прэс-канфэрэнцыю, моладзь вяслуе, гадавіна перайменаваньня Менску ў Мінск

Пратакол пасяджэньня Прэзыдыюму ВС БССР аб вынясесеньні на сэсію ВС пытаньня аб пераназове Менску, 1939 год.

Афіша:

У Нацыянальным прэс-цэнтры (Менск, вул. Кастрычніцкая, 5) Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі, правядзе прэс-канфэрэнцыя аб ходзе выбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Пачатак а 11:00.

Менскія таксісты плянуюць аднадзённы страйк, патрабуючы павышэньня сярэдніх тарыфаў за кілямэтар з 55 да 75 капеек. Таксісты прапануюць з 7 раніцы да 7 раніцы наступнага дня арганізаваць сутачны выходны.

У Заслаўі праходзіць чэмпіянат сьвету па веславаньні на байдарках і каноэ сярод юніёраў да 18 гадоў і моладзі да 23 гадоў.

У гісторыі:

626 — Пачатак аблогі Канстантынопалю войскамі авараў і атрадамі падуладных ім славянаў. Аблога скончылася разгромам авараў, што дазволіла вызваліцца з пад іх улады частцы славянаў, якія стварылі сваю дзяржаву Само, а таксама адкрыла баўгарам шлях да заваёваў на Балканах.

1078 — Першая летапісная згадка пра Лагойск.

1908 — Нарадзіўся Юрка Лявонны, беларускі паэт.

1939 — Вярхоўны Савет БССР прыняў рашэньне перайменаваць горад Менск у Мінск.

1929 — Нарадзіўся Жан Бадрыяр, францускі філёзаф-постмадэрніст, сацыёляг, літаратар.

1957 — Нарадзілася Нэлі Кім, беларуская гімнастка, шматразовая алімпійская чэмпіёнка.

1958 — У ЗША створанае касьмічнае агенцтва НАСА.

1968 — Папа рымскі Павел VI у энцыкліцы, названай «Humanae Vitae» (Чалавечае жыцьцё), забараніў для каталікоў любыя штучныя мэтады кантролю нараджальнасьці.

У памяці:

1856 — памёр Робэрт Шуман, нямецкі кампазытар, дырыжор, музычны крытык, пэдагог.

1890 — памёр Вінцэнт ван Гог, галяндзкі мастак.

Цытата:

«Распляскалася

Ў прасторы сонца.

Зелянее стромкая трава.

Ад жыцьця ня стану я ў старонцы,

Буду раньне шчыра вартаваць.

Будуць песьні раўчакамі ліцца —

І ня сядзе на суку тым жаль.

Не пахіліць лозаў вецер ніцы,

Не загіне ў просіні мяжа.

Заглядзіцца месяц сівагрывы,

Дол пакрые тонкім серабром.

Пройдзе ноч няскончаным урыўкам,

Каб схавацца ўраньні за гарой.

У прасторы —

Ураган сваволіць.

Льецца з клёнаў жоўтае лісьцё.

Прывітаю я жыцьцё і словы,

Як вітае родны брат сясьцёр!..»

Юрка Лявонны, «Распляскалася ў прасторах сонца» (1927).