На Лазурным беразе забаранілі хадзіць на пляж зь вялікімі торбамі

Ілюстрацыйнае фота

Улады францускага гораду Каны ад сёньняшняга дня забаранілі праносіць на пляжы торбы вялікага памеру.

Як паведамляе Reuters, рашэньне прынятае ў рамках працягнутага ў Францыі рэжыму надзвычайнага становішча. Пад забарону трапілі непразрыстыя торбы вялікага памеру, а таксама заплечнікі і чамаданы, у якіх могуць знаходзіцца «небясьпечныя рэчывы, зброя альбо выбухоўка».

Ад парушальнікаў запатрабуюць пакінуць пляж. У дачыненьні да іх можа быць складзены адміністрацыйны пратакол.

Мэр Канаў Давід Ленар заявіў, што забарона будзе дзейнічаць да 31 кастрычніка.

14 ліпеня ў Ніцы ў натоўп урэзаўся грузавік, у выніку 84 чалавекі загінулі і больш як 400 параненыя. Адказнасьць за тэракт узяла на сябе групоўка «Ісламская дзяржава».