На што дамовіліся Менск і Масква ў нафтагазавым канфлікце?

Формула прымірэньня, агучаная ў «Коммерсанте» — кампраміс ці капітуляцыя? Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Юры Дракахруст і Валер Карбалевіч.

Карбалевіч: Расейская газэта «Коммерсант» распавяла пра падрабязнасьці перамоваў паміж урадамі Расеі і Беларусі з нагоды нафтагазавай спрэчкі паміж краінамі. Пасьля няўдалых перамоваў паміж прэм’ерамі Андрэем Кабяковым і Дзьмітрыям Мядзьведзевым у Маскве 12 ліпеня, перамовы працягнуліся на ўзроўні віцэ-прэм’ераў.

18 ліпеня віцэ-прэм’ер РФ Аркадзь Дварковіч сустракаўся з першым віцэ-прэм’ерам Беларусі Васілём Мацюшэўскім. Па выніках сустрэчы была дасягнутая папярэдняя дамоўленасьць аб урэгуляваньні спрэчкі.

Зь інфармацыі газэты «Коммерсант» вынікае, што Беларусь пайшла на саступкі. Інакш кажучы, дамовіліся на ўмовах Масквы. Менск пагасіць доўг у 270 млн даляраў за газ, пасьля чаго пастаўкі нафты вернуцца на ранейшы ўзровень.

Таксама, паводле «Коммерсанта», бакі дамовіліся, што цяпер зваротныя пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў у Расею павінны ажыцьцяўляцца незалежна ад таго, выгадныя яны беларускім вытворцам ці не. Бо цяпер у міжурадавым пагадненьні ад 2007 года ёсьць пункт, па якім Менск можа скарачаць або спыняць пастаўкі нафтапрадуктаў у Расію, калі іншыя кірункі экспарту выгадней.

З усіх тых праектаў хіба што найбольш цікавым для Расеі зьяўляецца прыватызацыя Менскага заводу колавых цягачоў расейскім капітала

Затым, Расея гатовая абмяркоўваць зьніжэньне цаны на газ, але пры ўмове, што Беларусь пагодзіцца на рэалізацыю сумесных праектаў стварэньня СП МАЗа з КамАЗам, «Гродна Азота» з «ЭўраХімам» і іншых. Раней гаворка ішла пра пяць праектаў. Хоць незразумела, навошта расейцам МАЗ у ягоным цяперашнім стане. З усіх тых праектаў хіба што найбольш цікавым для Расеі зьяўляецца прыватызацыя Менскага заводу колавых цягачоў расейскім капіталам.

Такім чынам, выглядае, што скарачэньне паставак нафты выявілася зброяй масавага палітычнага паражэньня. Бо толькі за трэці квартал беларускі бюджэт страціць ад гэтага каля 200 млн даляраў. І гэта моцна перавышае выгоды ад недаплаты за газ.

Зразумела, трэба каб гэтыя папярэднія дамовы зацьвердзіў Лукашэнка. Але, падаецца, Мацюшэўскі, які пагадзіўся на гэтыя ўмовы, меў адпаведныя паўнамоцтвы.

Цяпер робіцца больш зразумелым, чаму беларускі бок усяляк хаваў інфармацыю пра падрабязнасьці спрэчкі. І чаму Лукашэнка маўчаў, ніяк не камэнтаваў гэтую нафтагазавую вайну. Бо ён разумеў расклад, бачыў, што ў яго няма моцных аргумэнтаў у гэтым канфлікце.

Глод: Мне падаецца, што нафтагазавыя дачыненьні Менску і Масквы ўвайшлі ў новую стадыю. Лукашэнка ўпершыню рэальна адчуў, што ягоныя аргумэнты аб «маёй» Расеі, аб беларусах, якія лягуць пад танкі НАТА, ужо не спрацоўваюць, як гэта было раней. Масква патрабуе ад яго вярнуць запазычанасьці.

Чаму Крэмль ідзе на такі крок? Ёсьць, і пра гэта мы казалі ў ранейшых перадачах «Трайнога ўдару», дзьве вэрсіі. Першая — эканамічная, на тле сваіх праблемаў Расея ўжо ня можа кідаць грошы на вецер у абмен толькі на абяцанкі. Другая — палітычная, Масква праз выбіваньне доўгу карае Лукашэнку за ягоныя заляцаньні з Захадам. Я думаю, зараз абодва гэтыя фактары спалучыліся.

Лукашэнка ўпершыню рэальна адчуў, што ягоныя аргумэнты аб «маёй» Расеі, аб беларусах, якія лягуць пад танкі НАТА, ужо не спрацоўваюць

Кампраміснае рашэньне па газавай спрэчцы, хутчэй за ўсё, будзе бліжэй да расійскай пазыцыі, адзначаюць у Беларускім інстытуце стратэгічных дасьледаваньняў (BISS). На думку экспэртаў, Беларусь аплаціць запазычанасьць і, магчыма, атрымае некаторае зьніжэньне коштаў у другім паўгодзьдзі. А гэта дазволіць беларускім спажыўцам акумуляваць сродкі.

Экспэрты BISS у сваёй чарговай справаздачы прааналізавалі стан беларуска-расейскіх дачыненьняў за травень-чэрвень 2016 году. Іх галоўныя высновы палягаюць у тым, што гэтыя дачыненьні ўскладняюцца. Пытаньні доступу беларускай прадукцыі на расейскі рынак па-ранейшаму вырашаюцца дваіста: у цэлым доступ пашыраецца, але рух па атрыманьні беларускай прадукцыяй статусу «нацыянальнай» на рынку Расейскай Фэдэрацыі застопарыўся. Акрамя таго, увесь час узьнікаюць усе новыя кропкавыя абмежаваньні. У Расеі ўсё менш рэальных рычагоў уплыву на Беларусь, а ў Беларусі ўсё менш падстаў адчуваць задаволенасьць ад саюзьніцкіх адносін.

На думку экспэртаў BISS, Беларусь аплаціць запазычанасьць і, магчыма, атрымае некаторае зьніжэньне коштаў у другім паўгодзьдзі. А гэта дазволіць беларускім спажыўцам акумуляваць сродкі.

Я хацеў бы зьвярнуць увагу на тое, што Беларусь спасылаецца на розныя трактоўкі дзейнай формулы на газ. Аднак гэта не шчырыя словы. Менск фактычна хоча перайсьці на іншую формулу, ад якой у 2011 годзе сам жа адмовіўся.

І яшчэ адна заўвага. Спадар Карбалевіч называе тое, што адбываецца, нафтагазавай вайной. Можа, «вайна» усё ж занадта моцнае слова. Магчыма, лепей карыстацца словамі «канфлікт», «спрэчка». Бо калі параўноўваеш газавую сытуацыю паміж Расеяй і Ўкраінай, то там маштабы нашмат большыя. Там на коне стаяць мільярды даляраў. Вось там сапраўды газавая вайна.

Дракахруст: Па-першае, гэта паведамляе расейская газэта, прычым яна паведамляе эксклюзіўную інфармацыю, якая не пацьверджаная пакуль ні ўрадам Расеі, ні ўрадам Беларусі. Так што гэты артыкул можа выдаваць жаданае за існае.

Акрамя таго, вы, Валер, маеце рацыю, што гэтае рашэньне яшчэ не зацьверджанае вышэйшым кіраўніцтвам Беларусі, так што магчыма гэта нейкая прамежкавая формула. Але можна дапусьціць, што гэтае рашэньне блізкае да канчатковага.

Аднак і тут я б не зусім пагадзіўся з думкай, што гэта кшталту капітуляцыя, што Лукашэнка адчувае, што яго пазыцыя слабая. Справа ў тым, што такая «дыпляматыя скандалу» — гэта яго заўсёдны фірмовы стыль. І калі б Менск сядзеў ціха, зусім невідавочна, што ён атрымаў бы нешта большае.

такая «дыпляматыя скандалу» — гэта яго заўсёдны фірмовы стыль. І калі б Менск сядзеў ціха, зусім невідавочна, што ён атрымаў бы нешта большае

Гэта такі стыль — паказваць зубы, спрачацца, упарціцца. Штосьці на гэтым можна і атрымаць. На мой погляд, дэманстратыўная адмова выконваць існую дамову, калі Беларусь проста сказала, што будзем плаціць столькі, колькі лічым справядлівым — гэта ад пачатку была пазыцыя на разьмен, пазыцыя, якую гатовыя былі саступіць у абмен на штосьці. Беларусь ад самага пачатку меркавала ў рэшце рэшт заплаціць, але гэта была такая жорсткая тактыка змаганьня.

Калі мы прыгадае тыя крызысы, якія бывалі раней, ў 2010, 2006, 2004 гадах, то Беларусь учыстую іх ніколі не выйгравала, але сцэнар быў прыкладна такі: скандал, канфлікт, вострае сутыкненьне, а потым бакі знаходзілі нейкую формулу, і яна была не заўсёды цалкам на карысьць Расеі.

Што тычыцца цяперашняй формулы, якая была агучаная ў «Коммерсанте», паводле якой Расея пойдзе на саступкі ў цане на газ, але ў абмен на прыватызацыю пяці прадпрыемстваў — Беларусь вабіла Расею гэтымі прадпрыемствамі ўжо шмат гадоў. Тут проста часовыя лагі. Беларусь можа сказаць: мы гатовы. Газ пойдзе па новых цэнах са жніўня ці з верасьня, а пра прыватызацыю пачнуцца перамовы, дамовы, так, як яно было раней. Так што калі Беларусь кажа «так» адносна прыватызацыі актываў, гэта далёка не заўсёды азначае сапраўды «так».