Старшыню Рады кіраўнікоў вяшчаньня ЗША не пусьцілі ў Расею, пратрымаўшы ноч на лётнішчы

Джэф Шэл

Кіраўнік мэдыякампаніі NBC Universal Джэф Шэл паведаміў, што ў сераду раніцай яго не пусьцілі ў Расею і затрымалі на некалькі гадзін, пасьля чаго пасадзілі пад эскортам на рэйс, які вылятаў з краіны.

Джэф Шэл, які ў кампаніі адказвае за аддзел кінэматаграфіі, накіроўваўся ў Расеі па справах, зьвязаных з кіназдымкамі. Апрача гэтага Шэл займае пасаду старшыні Рады кіраўнікоў вяшчаньня (Broadcasting Board of Governors, BBG), фэдэральнага агенцтва ЗША, якое кантралюе дзейнасьць «Голасу Амэрыкі», «Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа» і іншых мэдыяарганізацый замежнага вяшчаньня ЗША.

Шэл прыляцеў у Маскву каля 23.30 у аўторак і праходзіў пашпартны кантроль, калі яго папрасілі выйсьці з чаргі:

«Тады мяне завялі ў маленькі пакойчык і пакінулі аднаго прыблізна на паўгадзіны, пасьля нейкі чалавек вярнуўся з дакумэнтам на расейскай мове, які мяне папрасілі падпісаць», — сказаў ён у тэлефонным інтэрвію.

Джэф Шэл адмовіўся падпісаць дакумэнт, сказаўшы, што ня будзе падпісваць тое, тэкст чаго не разумее. Пасьля яму далі пераклад дакумэнта, дзе тлумачылася, што яму забаронена ўехаць у краіну. Пасьля яго правялі ў іншы пакой на лётнішчы, дзе яго замкнулі прыблізна на тры гадзіны, пакуль не былі вырашаны фармальнасьці з вылетам у Амстэрдам.

«Каля 5-ай гадзіны раніцы прыйшоў узброены ахоўнік, дайшоў са мною да самалёта і правёў мяне да майго месца, — сказаў Джэф Шэл. — Ён аддаў мой пашпарт пілёту і сказаў вярнуць яго мне толькі калі мы будзем ужо ў Нідэрляндах. Гэта было даволі непрыемна».

Расейскія службоўцы так і не паведамілі яму, чаму яму ня быў дазволены ўезд у Расею.

Гэты інцыдэнт адбыўся на фоне пагаршэньня дыпляматычных дачыненьняў паміж Вашынгтонам і Масквою, якія за апошнія тыдні абмяняліся высылкай дыпляматаў другога боку.

У мінулым месяцы ЗША выслалі двух расейцаў у адказ на напад паліцыянта ў Маскве на амэрыканскага грамадзяніна. На мінулым тыдні расейскія ўлады загадалі выслаць двух амэрыканскіх дыпляматаў пасьля, як яны заявілі, «непрыязнага кроку» амэрыканскага ўраду.