Як перадае БелаПАН, такія дадзеныя ўтрымліваюцца ў аглядзе Нацыянальнага статыстычнага камітэту да Сусьветнага дня народанасельніцтва, які адзначаюць 11 ліпеня.
Сярэдні век беларускага гараджаніна за 25 гадоў павялічыўся на 6,8 году і склаў 38,8 году. За гэты пэрыяд вясковец пасталеў на 3,2 году і яго сярэдні век склаў 44,5 году.
Віцебская вобласьць — самы «стары» рэгіён краіны. Сярэдні век жыхароў вобласьці складае 41,5 году. Самым «маладым» рэгіёнам зьяўляецца Менск, дзе сярэдні ўзрост складае 38,3 году.
Чаканая працягласьць жыцьця ў Беларусі за апошнія пяць гадоў павялічылася на 3,5 году і склала ў 2015 годзе 73,9 году.
Колькасьць насельніцтва краіны на пачатак 2016 году склала 9 млн 498 тыс. Беларусь па гэтым паказчыку займае 92-е месца ў сьвеце, 17-е месца сярод эўрапейскіх дзяржаў, 6-е — сярод краін СНД.
На пачатак 2016 году ў Беларусі пражывала за 5 млн 77 тыс. жанчын і 4 млн 421 тыс. мужчын. На 1.000 мужчын прыпадала 1.149 жанчын: у гарадзкой мясцовасьці — 1.167, у сельскай — 1.086.
Самым шматлікім па колькасьці жыхароў зьяўляецца Менск, у ім пражывае 1 млн 960 тыс. чалавек, або кожны пяты жыхар краіны (20,6%). Сярод абласьцей найбольш заселеная Гомельская, дзе пражывае амаль кожны сёмы жыхар краіны.
Тры чвэрці насельніцтва Беларусі — гараджане. На пачатак 2016 году колькасьць гарадзкога насельніцтва склала 7 млн 370 тыс. Чалавек.
Сусьветны дзень народанасельніцтва адзначаюць штогод 11 ліпеня. У гэты дзень у 1987 годзе колькасьць насельніцтва Зямлі перавысіла пяць мільярдаў чалавек.