У Нямеччыне пасьля Брэкзіту вырасла папулярнасьць Мэркель і праэўрапейскія настроі

Ангела Мэркель

Грамадзкая падтрымка нямецкай канцлерцы Ангеле Мэркель вырасла пасьля таго, як Брытанія прагаласавала за выхад з Эўразьвязу.

Пра гэта сьведчаць вынікі апытаньня грамадзкай думкі, якое кампанія Infratest dimap правяла на замову публічнага тэлеканалу ARD.

Апытаньне таксама выявіла рэзкі рост праэўрапейскіх настрояў — упершыню бальшыня апытаных заявіла, што знаходжаньне ў ЭЗ мае ў сабе больш плюсаў, чым мінусаў.

Паводле вынікаў апытаньня, апублікаваных у чацьвер, 59% немцаў задаволеныя палітыкай Ангелы Мэркель. У чэрвені гэты паказьнік складаў 50%.

Пазытыўную ацэнку знаходжаньню ў ЭЗ далі 52% удзельнікаў апытаньня — на 13 працэнтных пунктаў больш, чым у апытаньні, праведзеным да брытанскага рэфэрэндуму 23 чэрвеня.