Расея і ЗША абмяняліся абвінавачваньнямі ў парушэньні ў Міжземным моры

Ілюстрацыйнае фота. Амэрыканскі эсьмінец «Дональд Кук»

Міністэрства абароны Расеі заяўляе аб парушэньні міжнародных правілаў і расейска-амэрыканскага пагадненьня эсьмінцам ЗША, які ў Міжземным моры зблізіўся з расейскім баявым караблём «Яраслаў Мудры».

«17 чэрвеня ва ўсходняй частцы Міжземнага мора амэрыканскі эсьмінец „Грэйвлі“ дапусьціў небясьпечнае збліжэньне з расейскім баявым караблём на дыстанцыю 60-70 мэтраў па левым борце і перасек курс руху карабля „Яраслаў Мудры“ на небясьпечнай дыстанцыі 180 мэтраў», — заявілі 28 чэрвеня ў расейскім абаронным ведамстве.

«Пэнтагон часта абвінавачвае расейскіх лётчыкаў і маракоў у непрафэсіяналізьме, пры гэтым амэрыканскія ваенныя маракі дазваляюць сабе забыцца на асноватворныя прынцыпы бясьпекі мараплаўства», — дадалі ў Мінабароны Расеі.

Між тым Reuters цытуе неназванага прадстаўніка Міністэрства абароны ЗША, які заяўляе, што расейскі карабель у Міжземным моры праводзіў «небясьпечныя і непрафэсійныя» манэўры побач з двума караблямі ВМС ЗША.

У красавіку ў ЗША заявілі пра небясьпечнае набліжэньне расейскага самалёта Су-27 да амэрыканскага самалёта-выведніка RC-135 у небе над Балтыйскім морам. Гэта быў другі падобны інцыдэнт з расейскімі баявымі самалётамі на працягу месяца.

Перад гэтым ваеннае кіраўніцтва ЗША заявіла, што эсьмінец Ваенна-марскіх сіл ЗША, які знаходзіўся ў водах Балтыйскага мора, стаў аб’ектам «надзвычай блізкіх» аблётаў расейскіх самалётаў. Пасьля дзяржсакратар ЗША Джон Керы асудзіў небясьпечнае збліжэньне расейскіх ваенных самалётаў на Балтыцы з амэрыканскім эсьмінцам «Дональд Кук». Ён назваў гэты інцыдэнт «небясьпечнай і бяздумнай правакацыяй». Кэры заявіў, што ваенны карабель ЗША, які знаходзіўся ў міжнародных водах, мог бы зьбіць расейскі зьнішчальнік у адпаведнасьці з правіламі вядзеньня баявых дзеяньняў.

У Маскве гэтыя абвінавачваньні адпрэчылі.

Адносіны паміж Масквой і Захадам пагоршыліся ў 2014 годзе, пасьля расейскай анэксіі Крыму.

Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ў падтрымцы прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе. Масква гэтыя абвінавачваньні абвяргае, заяўляючы, што на Данбасе няма рускіх вайскоўцаў, але ёсьць «добраахвотнікі».