У Францыі ўпершыню адбываецца рэфэрэндум па пытаньні будаўніцтва новага аэрапорту

Пратэсты супраць будаўніцтва аэрапорту

У Францыі ў нядзелю жыхары дэпартамэнту Атлянтычная Луара праводзяць рэфэрэндум аб будаўніцтве новага аэрапорту ў камуне Нотр-Дам-дэ-Ланд недалёка ад Нанта. Гэта першы падобны рэфэрэндум на мясцовым узроўні. Як паведамляе Міжнароднае францускае радыё, урад сацыялістаў ініцыяваў галасаваньне, каб знайсьці выйсьце з зацягнутай палемікі паміж прыхільнікамі і праціўнікамі аэрапорта. Прапанову аб будаўніцтве авіяцыйнага комплексу ўпершыню было выказана ў 1960-х гадах.

Цяперашні прэм’ер-міністар Францыі Манюэль Вальс заявіў, што ў выпадку перамогі праціўнікаў будаўніцтва аэрапорта праект будзе зачынены, пры станоўчым жа зыходзе будаўніцтва пачнецца ўжо гэтай восеньню.