«Было і горш». Як на Магілёўшчыне гіне гісторыя тысячагадовага мястэчка Сьвіслач

Сьвіслацкі замак у рэканструкцыі Асіповіцкага музэю

Улады заклікаюць турыстаў часьцей наведваць старажытныя беларускія мясьціны. Гучных заяваў і справаздачаў дзеля гэтага не шкадуюць, а большасьць гістарычных паселішчаў мала чым могуць завабіць вандроўнікаў да сябе ў госьці. Мясцовыя цікавінкі занядбаныя. Пра захаваньне таго, што засталося, клапоцяцца апантаныя рупліўцы даўніны.

Мястэчка Сьвіслач на захадзе Магілёўшчыны лічыцца найстаражытнейшым паселішчам у рэгіёне. За сваю амаль тысячагадовую гісторыю пабачыла яно нямала. Раней былі тут замак, праваслаўныя і каталіцкія бажніцы, сынагогі. Яго ня раз рабавалі і нішчылі.

На сьвіслацкім замчышчы

Мясьціна, на якой паўставала Сьвіслач, здавён аблюбаваная людзьмі. У дзясятым стагодзьдзі на сутоцы рэк Сьвіслач і Бярэзіна ўжо быў узьведзены замак. Яго бачыла легендарная Рагнеда, калі вярталася ў родныя землі Полацкага княства з шматгадовай няволі з сынам Ізяславам ад нялюбага мужа, кіеўскага ўладара Ўладзімера.

Замак у Сьвіслачы спалілі казакі маскоўскага цара

З краязнаўцам Нінай Сакавай стаім на стромкім беразе ракі Сьвіслач, на якім на працягу сямісот год узвышаўся замак. Зь берагу добра праглядаецца сьвіслацкае навакольле.

Сьцены будыніны на замчышчы выкладзеныя з валуноў

«Замак неаднойчы палілі, — апавядае Ніна Леанідаўна, клапатліва аглядаючы навакольле. — Апошні раз у 1655 годзе. У гістарычных дакумэнтах згадваецца, як казакі, якія ваявалі на баку маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча, інфармавалі яго, што замкі ў старым Быхаве і Сьвіслачы спаленыя і яны рушаць далей. Жыхары гарадоў, паведамлялі яны цару, узятыя ў палон».

На месцы замку цяпер разбураецца старая мураваная будыніна, функцыянальнае значэньне якой пакуль ня высьветленае. Таўшчэзная сьцены будынка выкладзеныя з валуноў.

Краязнавец Ніна Сакава апавядае прыежджым пра гісторыю мястэчка

«Наколькі ў мяне хапала магчымасьцяў, я шукала зьвесткі пра гэты будынак, але бясплённа, — зазначае Ніна Сакава. — Некаторыя з наведнікаў выказваюць меркаваньне, што гэта царква. Я кажу, што не. Хаця ў 16 стагодзьдзі, калі перабудоўвалі сьвіслацкі замак, то сапраўды ўзьвялі царкву, але гэты будынак не бажніца».

Камень з пазнакай, што мясьціна за ім — гарадзішча

«Мясцовая праваслаўная грамада зьвярталася да ўлад, каб дазволілі ўзьвесьці на замчышчы царкву. Аргумэнтавалі сваё жаданьне тым, што месца намоленае, — дадае краязнаўца. — Нам адмовілі, заявіўшы: „Што вы ня ведаеце, гэта ж помнік археалёгіі“. Але мы не прэтэндавалі на ўсю гэтую пляцоўку. Будынак царквы не перашкаджаў бы раскопкам. Душа баліць, што гэтая камяніца разбураецца. Як уратаваць яе, ня ведаю».

Далягляд з замчышча

Інфармацыйнай шыльды з пазнакай, што месца, дзе быў замак, помнік археалёгіі, пабачыць не ўдалося. Рупліўцы мясцовай даўніны, кажа Ніна Сакава, прыцягнулі вялікі камень, на якім фарбай напісалі, што тутэйшы пляц — гарадзішча.

Габрэйскія могілкі са стаянкай для машын

На другім канцы мястэчка разрослы гаёк хавае старыя габрэйскія могілкі. Даўно ня кошаныя юдэйскія клады зарастаюць травой. Ніна Сакава кажа, што Бярэзіна ў паводку падмывае бераг, на якім могілкі, і пахаваньні разам з грунтам абрынаюцца ў раку. Паводле краязнаўцы за апошнія некалькі год колькасьць магіл зьменшылася на траціну.

На габрэйскіх могілках у Сьвіслачы

Тыя, хто прыяжджае ўлетку на адпачынак, стаянку для машын робяць на ўскрайку габрэйскіх могілак, бліжэй да ракі. Некаторыя з надмагільляў прыстасавалі пад прыступкі і пляцоўку, зь якой прыежджыя дзівяцца даляглядам.

Прадухіліць размываньне берагу і змыцьцё пахаваньняў у раку надта цяжка, адзначае Ніна Сакава. Спэцыялісты, з расчараваньнем канстатуе краязнавец, пакуль негатовы даць рады праблеме.

Надмагільны камень выкарыстоўваецца як пляцоўка, для агледзін навакольля

«Што да тых, хто прыяжджае адпачываць і ставіць на могілкі машыны, то што тут зробіш, — разгублена разводзіць яна рукамі. — Такая культура нашых людзей. Ня дбаюць яны пра сваё, а пагатоў нашто ім чужое, як яны лічаць, габрэйскае. Магілы раскопваюць. Вандалаў нямала. Скарбы, відаць, шукаюць».

«Валянтэры прыяжджалі паставілі агароджу, але яна доўга не прастаяла. Рассыпалася, — працягвае Ніна Леанідаўна. — Патрэбны чалавек, якія будзе адказваць за парадак на могілках. Пакуль жа нават мясцовая ўлада — і тая не зь мясцовых. Чыноўнікі захапляюцца прыгажосьцю мясцовай прыроды, але ня болей за гэта. Вы ж бачыце могілкі зарастаюць. Іх ніхто не даглядае».

Ускраек могілак прыстасавалі пад стаянку машын

Да Другой усясьветнай вайны ў Сьвіслачы жыло багата габрэяў. У 1941 годзе фашысты за адну ноч вынішчылі амаль усё габрэйскае насельніцтва. Расстралялі больш за 800 чалавек. Цяпер ад некалі шматлюднай габрэйскай грамады засталіся адзінкі.

У Сьвіслацкім сельсавеце паведамілі, што на догляд могілак патрэбныя грошы, а іх няма. Акрамя таго, арганізаваць людзей, якія б дапамаглі, прыбраць клады ўлетку надта цяжка. «Яны занятыя сваімі агародамі», — зазначылі ў сельсавеце.

Від на Бярэзіну з габрэйскіх могілак

Пра шматканфэсійнае жыхарства Сьвіслачы засталіся толькі згадкі

Знакаў даўніны ў мястэчку няшмат. Акрамя згаданых габрэйскі могілак ды замкавага гарадзішча пасярод Сьвіслачы захаваўся двухпавярховы будынак. На шыльдзе надпіс, што гэты дом помнік архітэктуры. На першым паверсе — крама. Другі паверх, са слоў Ніны Сакавай, разбураецца.

Якіх сто год таму Сьвіслач славілася сваім шматканфэсійным жыцьцём. Ад каталіцкага касьцёлу, дзьвюх праваслаўных цэркваў, сынагогі — не захавалася ані знаку.

«Тут некалі быў базар. Яшчэ, вы ж відаць бачылі, стары дом, у якім крама. Яшчэ ёсьць гарадзішча. На ім бывае праводзяць раскопкі. Яшчэ тут габрэяў было шмат. Ёсьць габрэйскія могілкі», — пералічыў адметнасьці мястэчка адзін зь ягоных жыхароў.

«Габрэйскія могілкі, калі вы там былі, дык зарастаюць, той дом на гарадзішчы разбураецца. Мо і зьнікне. Рупіцца пра захаваньне мусіць улада. Што тут простыя людзі могуць зрабіць? Ды й мясцовых жыхароў засталася жменька. Вёска паволі засяляецца дачнікамі. Навошта ім гэтая даўніна?» — выказваецца мужчына.

Будынак Сьвіслацкага сельсавету

Цяперашняя Сьвіслач забудавана па-вясковаму. Драўляныя хаты, аднак, пакрысе выцясьняюцца дыхтоўнымі катэджамі і дачнымі дамамі.

Цяперашняму жыхарству Сьвіслачы патрэбныя праца з заробкамі. Пра гісторыю падумаюць пасьля

Наступная жыхарка Сьвіслачы згадала тыя ж адметныя мясьціны, што і папярэдні суразмоўца. Зь ёю гутару ля нядаўна ўзьведзенай праваслаўнай царквы. Жанчына згаджаецца, што, тое старое, якое засталося ў мястэчку варта ратаваць, аднак, прызнаецца, што ня ведае як.

«Мясцовая ўлада мусіць прыкласьці намаганьні. Можа заахвоціць людзей, каб яны дапамаглі хаця б габрэйскія могілкі прыбраць, — лічыць жыхарка Сьвіслачы, зь якой размаўляю каля нядаўна ўзьведзенай праваслаўнай царквы. — Тамтэйшыя магілы, калі сваякі пахаваных прыяжджаюць, дык прыбіраюць. А так яны зарастаюць. Хаця летась я там была і не сказала б, што там такі ўжо непарадак. Былі ж часы, калі нашмат горш было там».

Стары дом: помнік архітэктуры. Крама на першым паверсе. Другі ж разбураецца

«Магчыма тое старое, што засталося ў Сьвіслачы, трэба неяк рамантаваць, ці рэстаўраваць, але гэта, відаць, нікому не патрэбна, — выказаўся малады жыхар мястэчка. — Будынак на гарадзішчы разбураецца. Раней прыяжджалі спэцыялісты, праводзілі раскопкі. Цяпер гэтага няма. На габрэйскія могілкі таксама прыяжджалі нейкія людзі, камяні расстаўлялі. Відаць, і могілкі вымагаюць догляду, але я ня ведаю, каму гэта патрэбна».

«Мясцоваму жыхарству гэта ўсё, калі і патрэбна, то не ў першую чаргу. Найперш людзям патрэбныя заробкі, праца, якой тут няма, і наагул хоць нейкая стабільнасьць», — заключае суразмоўца.

Тыя, з кім удалося пагутарыць на вуліцах Сьвіслачы не прыгадалі, ці бачылі яны ў сваім мястэчку аўтобусы з турыстамі. Некаторыя адзначылі, што прыежджых цікавіць ня столькі архітэктурныя адметнасьці паселішча, колькі адпачынак на беразе Сьвіслачы ды Бярэзіны.

Сіламі энтузіястаў ня выратуеш даўніны

У сямнаццатым стагодзьдзі мястэчка Сьвіслач належала Радзівілам і лічылася асяродкам духоўнасьці. Больш за два стагодзьдзі мястэчка належала роду землеўладальнікам Незабытоўскіх.

За сваю гісторыю яно пабыло цэнтрам удзельнага княства, воласьці, нават райцэнтрам. Гэтае вялікае паселішча было і цэнтральнай сядзібай калгасу. Пасьля рэарганізацыі Сьвіслач стала часткай вялікай гаспадаркі «Белшына-агра». У мястэчку працуе дзіцячы аздараўленчы санаторый «Сьвіслач». Нямала тут аграсядзібаў, якія завабліваюць наведнікаў адпачынкам на прыродзе.

Захавалася ў Сьвіслачы і брукаваная дарога

«Тое, што ў Сьвіслачы, занядбаныя помнікі архітэктуры, дык, ці толькі тут, — адзначае адна з прыежджых наведніц сьвіслацкага замчышча. — Такая ж сытуацыя і ў іншых месцах Беларусі».

«Мы ехалі праз Бабруйск, там аглядалі тое, што засталося ад крэпасьці. І там занядбаньне, — дадае суразмоўніца. — Куды ні паедзеш, ўсюды гэтак. Калі б дзяржава дбала пра помнікі даўніны, то, відаць, сытуацыя была б іншай. А што нашы людзі, адкуль у іх грошы. Ёсьць рупліўцы з народу, яны і падказваюць уладзе, дзе і што ўратаваць. Але не заўжды да іх думак прыслухоўвацца».

Цяперашняя вуліца Сьвіслачы

«Стан, вядома ж, жахлівы, — далучаецца да гутаркі сяброўка суразмоўніцы. Здаецца і прыбрана тут, вымецена ўсё, але хіба гэта тое, чаго патрабуе гэтая будыніна. Здаецца цяпер увесь сьвет стараецца зьберагаць сваю гісторыю, а ў нас на гэта няма грошы. Калі не ўзяцца за ратаваньне, як тут на камяні напісана, гарадзішча, то і гэты будынак зьнікне. Сіламі энтузіястаў ня выратуеш даўніны. Усё упіраецца ў адсутнасьць грошай».

«Вядома ж пазьнікае ўсё тут; і тыя могілкі, пра якія вы згадваеце і гарадзішча, — выказваецца яшчэ наведніца Сьвіслачы.

Праваслаўная царква ў Сьвіслачы

«Я шмат, дзе пабывала, але здаецца толькі ў Беларусі, людзі ставяцца да свайго неяк па асабліваму абыякава. Нібыта на словах усё шануецца, а на справе... Ні пра будучыню ня думаюць, ці пра мінуўшчыну, а адсюль жа і заняпад. Вось вы кажыце пра габрэяў, а хіба яны тут не жылі, хіба гэта ня наша гісторыя. Гарадзішча, ці тое, што ад яго засталося, зьнікне. Нам яшчэ пашанцавала, што пабачылі яго. Наступныя пакаленьні могуць яго не пабачыць».