Пасьля Brexit ва Ўкраіне зноў загучала ідэя Балтачарнаморскай садружнасьці 

Украіна пасьля брытанскага рэфэрэндуму заклапочаная пэрспэктывамі бязьвізавага рэжыму , а таксама поўнамаштабнага ўступленьня ў сілу пагадненьня аб асацыяцыі Ўкраіны з ЭЗ. І галоўнае — далейшым лёсам эўрапейскіх санкцыяў супраць Расеі.

«Сёньня ня лепшы дзень для аб’яднанай Эўропы»

Першыя ацэнкі кіраўніцтва краіны былі стрыманымі:

Пятро Парашэнка

«Шкада, але „нам сваё рабіць“, — заявіў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.

— Перакананы, што сёньня галоўны выклік для Эўрапейскага Зьвязу — знайсьці шлях да сэрцаў эўраскептыкаў, каб ня даць ніводнага шанцу апанэнтам эўрапейскага інтэграцыйнага праекту і іх шчодрым спонсарам. Разьлічваю, што санкцыі супраць Расеі як краіны-агрэсара будуць працягнутыя».

Уладзімер Гройсман

Прэм’ер-міністар Украіны Ўладзімер Гройсман адкрыў пасяджэньне ўраду таксама з гэтай тэмы:

«Сёньня ня лепшы дзень для аб’яднанай Эўропы. Мы ведаем вынікі рэфэрэндуму. Безумоўна, мы ўспрымаем іх зь вялікай павагай да грамадзян Вялікай Брытаніі. Але я ўсё ж веру ў тое, што Эўрапейскі Зьвяз захавае сваё адзінства», — адзначыў ён.

Экспэрты пачалі згадваць папулярную на пачатку 90-ых гадоў ідэю стварэньня Балтачарнаморскай садружнасьці, якая так і не адбылася з-за перафарматаваньня ўладаў, найперш ва Ўкраіне і Беларусі.

«Нам зараз нічога не застаецца, як ствараць саюз Міжмор’я»

Юры Луканаў

«Наш саюзьнік выйшаў з Эўрапейскага Зьвязу. А ЭЗ стала паказвае імкненьне да кампрамісаў з Расеяй за кошт Украіны. Нам зараз нічога не застаецца, як ствараць саюз Міжмор’я, як прапанаваў прэзыдэнт Польшчы Дуда — ад Чорнага да Балтыйскага мора», — кажа ўкраінскі журналіст Юры Луканаў.

На думку адмыслоўца ў пытаньнях зьнешнеэканамічнай палітыкі Алега Бойкі, цяпер на гэтую ідэю працаваць варта з нуля і вельмі доўга, пакуль зь невялікімі шанцамі на посьпех:

«Але гэта ня значыць, што ня варта. Я заўсёды лічыў Балтачарнаморскі саюз лепшым з магчымых праектаў. Але ня толькі я. У Маскве хутка акрыялі ад распаду СССР, і ўжо ў 1994 у Беларусі быў Лукашэнка, а з 1999 — Кучма на кручку «справы Гангадзэ», а затым і адраджэньне ўлады «данецкага клану», — аргумэнтуе адмысловец.

Паводле Алега Бойкі, стратэгічнай памылкай усіх украінскіх кіраўнікоў было ігнараваньне наўпроставых адносінаў з краінамі і зацыкленасьць на міжнародных арганізацыях, шматбаковых пагадненьнях:

Алег Бойка

«У выніку Ўкраіна ёсьць сябрам невядомай колькасьці арганізацый, пра існаваньне якіх ня ведае ніхто, акрамя іх пэрсаналу, аўтараў Вікіпэдыі і яе выпадковых чытачоў. Украіна засядае ў ПАРЭ, Украіна — у шматлікіх сумесных камісіях з ЭЗ, а асобныя ўрады блякуюць прадстаўленьне нам належнай дапамогі, бязьвізавага рэжыму, Будапэшцкі мэмарандум у рэшце рэшт.

Вакол Brеxit нямала міталёгіі. І ў нас, і ў ЭЗ, і ў Вялікабрытаніі. У нас любяць ва ўсім бачыць выгаду Масквы. А тым часам пачалі падаць кошты на нафту... Адназначна прадказаць наступствы немагчыма, але ня толькі магчыма, але і вельмі неабходна вучыць урокі, якія дае сусьветная палітыка. Адзін з такіх урокаў: менш увагі да наднацыянальных утварэньняў і міжнародных арганізацый, больш увагі нацыянальным урадам».

Бязьвізавы рэжым і санкцыі супраць Расеі

Неўзабаве Ўкраіна плянуе правесьці кансультацыі з Эўрапейскім Зьвязам на высокім узроўні аб наступствах рэфэрэндуму для ўзаемных стасункаў. Але галоўным пытаньнем для Ўкраіны застаецца, ці хопіць цяпер еднасьці эўрапейцам, каб падоўжыць санкцыі супраць Расеі.