Гаё Зэпэльт: У расейскім спорце допінг пачувае сябе як дома 

Гаё Зэпэльт (Hajo Seppelt) — нямецкі журналіст, якія зрабіў чатыры тэлестужкі пра допінг у расейскім спорце. Паводле меркаваньня многіх, гэтыя стужкі адыгралі вырашальную ролю як у часовым прыпыненьні сяброўства Ўсерасейскай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі у Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных фэдэрацый, гэтак і ў рашэньні міжнароднай фэдэрацыі пакуль не вяртаць Расею ў свой склад з-за праблемаў з допінгам. Гэтае прынятае аднагалосна ў Вене 17 чэрвеня рашэньне аўтаматычна азначае забарону на ўдзел расейскіх лёгкаатлетаў у алімпіядзе ў Рыё-дэ-Жанэйра ў жніўні.

Гаё Зэпэльт адказаў на пытаньні Радыё Свабода.

РС: Ці задаволеныя вы рашэньнем Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных фэдэрацый?

Зэпэльт: Я журналіст, і не мая справа даваць ацэнкі. Але калі вы спытаеце мяне, ці было рашэньне неабходным, то я адкажу: так, яно было неабходнае, таму што сабраныя доказы былі настолькі відавочнымі і і маштабнымі, што ў фэдэрацыі проста не было іншага выбару, як выступіць з такім папераджальным ясным сыгналам для ўсіх. Гэты сыгнал кажа нам ня толькі пра Расею, ён адносіцца да сыстэмы допінгу як такой. Але гэтая сыстэма ў цяперашні час адчувае сябе менавіта ў Расеі як дома. І ўсё ж рашэньне зьяўляецца пасланьнем да ўсіх у сьвеце, хто практыкуе допінг і супраць каго ў выпадку выяўленьня падобнага трэба будзе дзейнічаць гэтак жа жорстка.

РС: Вы перакананы, што становішча з допінгам у расейскім спорце сапраўды ў шмат разоў горшае, чым дзе б там ні было?

Доказы на дадзены момант даюць нам найбольш ясную карціну маштабнага выкарыстаньня допінгу менавіта ў расейскім спорце.

Зэпэльт: Параўноўваць становішча ў розных краінах можна і трэба. Але калі такое параўнаньне правесьці, то, як мне падаецца, трэба зрабіць выснову, што па Расеі існуе дастаткова матэрыялаў, што даказваюць парушэньні, якіх па іншых краінах няма. А па Расеі ёсьць вялікі факталягічны матэрыял, і яго можна ацэньваць. І гэта вельмі ясныя факты, інтэрпрэтацыя якіх адназначная. Вельмі верагодна, што і ў іншых краінах мае месца актыўнае ўжываньне допінгу ў спорце, але варта спытаць сябе на аснове вядомых цяпер фактаў і доказаў, ці сапраўды маштабы маніпуляцый ва ўжываньні допінгу, маштабы спробаў ўтойваньня гэтага выкарыстаньня пры адкрытай падтрымцы дзяржавы ў Расеі большыя, чым дзе б там ні было? Самі гэтыя праблемы ёсьць ва ўсім сьвеце — гэта можна з упэўненасьцю сьцьвярджаць. Але доказы на дадзены момант даюць нам найбольш ясную карціну маштабнага выкарыстаньня допінгу менавіта ў расейскім спорце.

РС: Ці лічыце вы ў прынцыпе магчымым вызваленьне сусьветнага спорту ад допінгу?

Зэпэльт: Гэта абсалютна наіўнае ўяўленьне — верыць у магчымасьць поўнай перамогі над допінгам у спорце, верыць у магчымасьць яго выкараненьня. Гэта абсалютна немагчыма, і гэтага ня будзе. Як ня будзе ніколі грамадзтва без рабаўнікоў. Немагчымае і грамадзтва без ДТЗ, немагчымае грамадзтва, дзе ніхто ніколі не паедзе на чырвонае сьвятло. Гэта зразумела. Чаму тады павінен зьнікнуць допінг у спорце? Ён будзе заўсёды. І гэта нармальна, так як заўсёды будуць людзі, якія падманваюць іншых. Пытаньне заключаецца ў тым, якія маштабы і магчымасьці супрацьстаяньня гэтаму злу, барацьбы зь ім і якая падтрымка грамадзтвам тых людзей, якія спрабуюць перашкаджаць пашырэньню маштабаў выкарыстаньня допінгу. Але вось Расея, як, зрэшты, і Кенія, даюць нам ясныя прыклады зьяваў, калі дзяржава і грамадзтва настройвае сябе на пастаянныя перамогі і трыюмфы, і ў гэтых дзяржавах спартовыя посьпехі цэняцца куды больш, чым асабістая адказнасьць.

РС: Ці не прасьцей тады, як прапануюць некаторыя, дазволіць усе віды допінгу?

Па той прычыне, што хтосьці сьвядома едзе на чырвонае сьвятло, вы не прапануеце наогул дэмантаваць сьвятлафор?

Зэпэльт: Поўнае трызьненьне. Калі падобнае было б зроблена, то гэта прывяло б да зьяўленьня спэцыяльнай індустрыі допінгу для спорту. Да гэтага часу ў спорце выкарыстоўваюцца прэпараты, якія ствараюцца для мэдычных мэтаў. Але пры зьняцьці забароны паўстануць спэцыяльныя распрацоўкі і індустрыяльная вытворчасьць сродкаў допінгу для спартоўцаў. Да роўнасьці магчымасьцяў спаборнікаў гэта таксама не прывядзе, а хутчэй пагоршыць няроўнасьць, таму што больш багатыя краіны змогуць вырабляць сродкі лепшыя, больш эфэктыўныя, чым у бедных краінах. Але што яшчэ больш важна, гэта прывядзе да непрадказальных рызыкаў для здароўя спартоўцаў, бо верагоднасьць даведацца, наколькі шкодныя для здароўя тыя ці іншыя прэпараты, зьменшыцца. Дзяцей і моладзь стане яшчэ цяжэй ці амаль немагчыма абараняць ад нанясеньня шкоды iх здароўю. Таму альтэрнатывы забароне допінгу няма. Я разумею людзей, якія кажуць пра крывадушнасьць у спорце. Маўляў, функцыянэры робяць выгляд, што чысты спорт існуе, але рэчаіснасьць выглядае зусім інакш. І ўсё ж па той прычыне, што хтосьці сьвядома едзе на чырвонае сьвятло, вы не прапануеце наогул дэмантаваць сьвятлафор? У гэтым сапраўды няма ніякага сэнсу.

РС: У СМІ Расеі курсуюць паведамленьні з надзеяй, што рашэньне Міжнароднага алімпійскага камітэту яшчэ можа зьмяніць сытуацыю для расейскіх лёгкаатлетаў. Што вы думаеце з гэтай нагоды?

Зэпэльт: Вы маеце на ўвазе заплянаванае пасяджэньне МАК у аўторак? Там ня будзе прымацца якое б там ні было рашэньне. Рашэньне ўжо было прынятае 17 чэрвеня. МАК толькі прыме яго да ведама і прызнае рашэньне Міжнароднай лёгкаатлетычнай фэдэрацыі. МАК ня мае права вырашаць, стартуюць ці не лёгкаатлеты на алімпіядзе. Гэтае рашэньне выключна ў кампэтэнцыі Міжнароднай лёгкаатлетычнай фэдэрацыі. І спадар Сэбасцьян Коў у пятніцу ясна пра гэта заявіў. Пад расейскімі паведамленьнямі пра тое, што прынятае Міжнароднай лёгкаатлетычнай фэдэрацыяй рашэньне яшчэ павінен зацьвердзіць МАК, няма найменшых падставаў.