Адзін з «фанатаў» прысуджаны да чатырох год і двух месяцаў пазбаўленьня волі, бо раней быў прысуджаны да двух год з адтэрміноўкай за нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў.
Суд Рэчыцкага раёну вынес вырак па справе 11 хуліганаў, якія прылічвалі сябе да нэанацысцкай суполкі Red Blue Legion і да фанатаў футбольнага клюбу «Рэчыца-2014», перадае БЕЛТА. Прысуды пакуль не ўступілі ў законную сілу і могуць быць абскарджаныя.
Сямі ўдзельнікам банды прызначылі ад 1,5 да 3,5 год абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчыя ўстановы. Да яшчэ трох ужытая амністыя. Толькі адзін атрымаў рэальны тэрмін, 4 гады і 2 месяцы, бо раней быў судзімы за нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў на 4 гады з адтэрміноўкай у 2 гады.
Частка абвінавачаных прызналі віну цалкам, частка — толькі па асобных эпізодах. Пракуратура запытвала для васьмярых асуджаных рэальныя тэрміны.
Разглядаліся справы па шэрагу крымінальных артыкулаў: рабаваньне, хуліганства, незаконнае пазбаўленьне волі, распаўсюд парнаграфіі і распальваньне міжнацыянальнай варожасьці. Хуліганы зьдзекаваліся з аднагрупніка, абражалі і зьбівалі людзей. Адзін з фігурантаў справы ўгаварыў малалетнюю дзяўчынку славянскай зьнешнасьці зьбіць дзяўчынку-цыганку. Іншы запрасіў у госьці гамельчука, разам з саўдзельнікамі зьбіў яго, распрануў, зьвязаў, размаляваў цела свастыкамі і нецэнзурнымі словамі, прымусіў так бегаць па горадзе. Падрабязнасьці справы раней перадавала рэчыцкая газэта «Дняпровец».