Расейскамоўны мужчына кідае ў людзей камяні з вежы ў Празе

Паліцыянты вядуць з ім перамовы з раніцы, але чаго ён хоча — незразумела.

Невядомы напаўаголены мужчына раніцай у чацьвер у цэнтры Прагі забраўся на вежу на даху сховішча Нацыянальнага тэатру і адмаўляецца спускацца ўніз. Чэскі сайт IDnes.cz паведамляе, што мужчына адказваў паліцыянтам, якія спрабавалі ўступіць зь ім у перамовы, па-расейску і па-ангельску. Ён настроены агрэсіўна і кідае камяні ў мінакоў і паліцыянтаў.

Паліцыя была вымушаная ачапіць частку кварталу, на месца прыбылі таксама пажарныя і ратавальнікі. Паведамляецца, што камяні мужчына, як выглядае, адломлівае проста ад самой вежы, улады ўжо ацанілі нанесеную ёй шкоду ў суму каля 4 тысяч даляраў.

За тым, што адбываецца можна сачыць у прамым эфіры на сайце IDnes.cz.

Грамадзянінам якой краіны зьяўляецца мужчына і што паслужыла прычынай яго ўчынку — пакуль не вядома.